Уборка з палёў бульбы і гародніны ў Беларусі працягваецца

27 сентября 2017

У самым паўночным рэгіёне другі хлеб ужо сабраны больш чым з паловы плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць - каля 340 цэнтнераў з гектара. Істотную дапамогу аграрыям аказваюць студэнцкія атрады: толькі ў Віцебскай вобласці на палях працуюць больш за дзве з паловай тысячы студэнтаў. Марына Раманоўская ацаніла якасць ураджаю.

Уладзімір Міхайлаў з гонарам паказвае ўраджай. Морква сёлета ў Альгоўскім, як з карцінкі. Усяго ж пад агародніну тут адведзена без малога 50 гектараў. Першай убралі сталовыя буракі. На маркоўных плантацыях праца ў самым разгары.

Дапамагаюць аграрыям студэнты. Толькі ў гэтай гаспадарцы задзейнічана каля 600 студатрадаўцаў. У полі працуюць не першы сезон. Да ўборкі ўраджаю падыходзяць з усёй адказнасцю.

У самым паўночным рэгіёне краіны створана больш за 200 студатрадаў. Самыя папулярныя сярод моладзі менавіта атрады сельскагаспадарчага профілю. Толькі на палях Віцебскай вобласці працуюць больш як 2 тысячы студэнтаў.

Павел Бадзінка - жыхар абласнога цэнтра. Але да працы на зямлі прывык. Зараз разам з аднакурснікамі ўбірае кармавыя буракі. Плантацыя ўжо практычна поўнасцю ўбраная.

Патрэбныя рабочыя рукі і на сартаванні бульбы. Ураджай другога хлеба, распавядаюць у гаспадарцы, большы за леташні. Сарты тут вырошчваюць толькі беларускай селекцыі. У сховішча ўжо заклалі 2 тысячы тон адборнай бульбы.

Сёлета ў гаспадарцы нямала эксперыментавалі. Напрыклад, раннюю капусту накрывалі спанбондам. Вынік атрымалі нядрэнны. Хутка пачнуць убіраць познюю капусту. І тут, распавядаюць вопытныя аграрыі, ураджай таксама чакаецца багаты.