У Беларусі ёсць шанцы стаць кавуновым краем

23 августа 2018

Гарачае лета, безумоўна, уносіць свае карэкцівы ў чаканне ўраджаю. Праўда, не ўсюды засушлівае надвор'е паварочваецца мінусам. Так, у Гомельскай вобласці на фоне спякоты збіраюць добры ўраджай раней нетыповай для нашых шырот ягады. Кавуны ў гарачых беларускіх глебах адчуваюць сябе, як дома. І нават на бедных глебах ураджайнасць на высокім узроўні. Тэхналогію вырошчвання паласатай культуры шліфуюць на доследных станцыях краіны. На адной з іх пабывала Ганна Кавалёва і ўпэўнілася: у Беларусі ёсць усе шанцы стаць не толькі бульбяным, але і кавуновым краем.

Аляксандр Еўдачэнка сапраўды ведае, як "гучыць" саспелы кавун. Пару гадоў таму ён быў тым, з каго пачаўся бахчавы летапіс доследнай сельскагаспадарчай станцыі. Сёлета тут высадзілі 2 тысячы высадкаў. Уборка толькі пачалася, але ўжо зразумела: ураджайнасць - 300 цэнтнераў з гектара. Гэта вышэйшая, чым у мінулы, дэбютны, год.

Такі экзэмпляр важыць 10 кілаграмаў. У гэтым сезоне і на гэтым полі пакуль рэкардсмен. Хоць вядомыя факты, калі ў беларускім клімаце кавуны вырасталі вагой да 15 з паловай кілаграмаў.

Тут ягаду вырошчвалі рассадным спосабам. Зманціравалі кропельны паліў. Ад зерняў да ўборкі - 6 тэхналагічных этапаў. Па тэхналогіі, якую распрацавалі тут, вырасціць кавун у Беларусі лягчэй, чым бульбу. Хоць шлях да гэтага быў нялёгкім. На доследнай станцыі выпрабавалі 3 дзясяткі гатункаў. Выбар зрабілі на карысць двух: ранніх "топ ган" і "раманза". Гэтым галандцам у зоне рызыкоўнага земляробства камфортна, і нават цяперашняя засуха ў рэгіёне апынулася на руку.

Аляксандр Еўдачэнка, навуковы супрацоўнік Гомельскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі: "Ягада паўднёвая, але апошнія 2 гады ў нас усё спрыяе для вырошчвання гэтай культуры. Тэмпературны рэжым, сонца, святло - усяго досыць. Навошта нам закупляць гэта дзесьці ўсё, аднекуль, калі ў нас гэта ўсё расце. Таму можна і самім вырошчваць і есці смачную саспелую ягаду".

Кожную з іх перш чым пусціць у продаж, правераць на нітраты, цяжкія металы і радыяцыю. Адхіленняў, як правіла, няма. Пры гэтым і ў кошце кавун-беларус больш танны за імпартны мінімум на 30%, а трапляе ў продаж прама з поля.

З палёў доследнай станцыі збіраюць і першы ўраджай вінаграду. На адным гектары - 6 гатункаў, у тым ліку і беларускай селекцыі. 90% будучага поспеху, гавораць, у высадках. На доследнай станцыі яны нараджаюцца вось у такіх прабірках. Тэмпература, асвятленне - усё выверанае да дробязяў. Трапленне інфекцый і хвароб выключана. У выніку з сцяблінкі ў некалькі сантыметраў вырастае паўнавартасны высадак самага вышэйшага класа "А". З пачаткоўцаў на гэтай паліцы - парастакі дурніцы. Пасадачны матэрыял скупляе насельніцтва. Дзякуючы гэтаму ў рэгіёне павялічваецца колькасць прыватных фермерскіх плантацый.

Выходзіць, з навуковым падыходам і сусветнымі дасягненнямі селекцыі нават у цэнтры Еўропы не толькі беларуская бульба, але і дыні з кавунамі могуць расці, як грыбы.