Турэцкія бізнесмены зацікаўленыя інвесціраваць у эканоміку Беларусі

16 мая 2016

Турэцкія бізнесмены зацікаўленыя інвесціраваць у эканоміку Беларусі. Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу пачалі знаёмства з патэнцыялам нашай краіны ў Магілёўскай вобласці. І гэта не выпадкова. Апошнім часам прыняты шэраг нарматыўных дакументаў на вышэйшым узроўні ў плане развіцця рэгіёна і стварэння прывабных умоў для вядзення бізнесу, што не магло не завабіць турэцкія кампаніі. Ужо зараз прапрацоўваецца магчымасць стварэння ў Магілёве турэцкай прамысловай зоны - кластара новых прадпрыемстваў.

Рэджэп Бічэр, кіраўнік камітэта па развіцці і падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу пры Міністэрстве прамысловасці і гандлю Турцыі: "Хімічная сфера, дрэваапрацоўка і будаўнічая галіна выклікаюць асаблівую цікавасць у нашых турэцкіх бізнесменаў. Мы прапрацоўваем пытанне стварэння ў Магілёве кансалтынгавага агенцтва, якое зоймецца пасоўваннем нашага бізнесу і беларускіх тавараў на рынак Турцыі".

Фатых Турхан, гандлёвы саветнік пасольства Турцыі ў Беларусі: "Гэта ўжо не сакрэт, што Беларусь нашы турэцкія бізнесмены разглядаюць як стабільную, спакойную пляцоўку для развіцця бізнесу і пасоўвання нашых тавараў у Еўрапейскі саюз. Мы хочам стварыць у Беларусі новыя высокатэхналагічныя вытворчасці і новыя рабочыя месцы".

Тавараабарот паміж Магілёўскай вобласцю і Турцыяй за год склаў звыш 25 мільёнаў долараў. Паспяхова працуюць 8 прадпрыемстваў з турэцкім капіталам. Павялічваецца і экспарт беларускіх тавараў. Так, Бабруйскі гарбарны камбінат паставіў першую прадукцыю ў Турцыю.