Лічбавы падыход да працы на зямлі. Сёння другі дзень работы выставы "Белагра"

5 июня 2019

Сістэму дакладнага земляробства плануюць цалкам укараніць у аграпрамысловы комплекс Беларусі на працягу пяці гадоў. Аб гэтым распавёў прадстаўнік профільнага міністэрства на выставе "Белагра-2019". Яна адкрылася напярэдадні. Зараз працуюць асобныя элементы - гэта кантроль расходу паліва, паралельнае кіраванне і аўтаматызаванае ўнясенне ўгнаенняў. Зараз справа за адзіным інфармацыйным рэсурсам. Такі лічбавы падыход да сельскай гаспадаркі зніжае выдаткі вытворчасці.

Станіслаў Карповіч, начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Можна лічыць, што сістэма паралельнага кіравання дазваляе эканоміць 10-15 %, у нас гэта вырашае пытанне ў гэтай частцы сельскай гаспадаркі. Унясенне сродкаў аховы раслін, мінеральных угнаенняў паводле карты дапамагаюць эканоміць да 24 % энергетычных рэсурсаў і матэрыяльных сродкаў".

Выстава "Белагра" працягвае сваю працу. На пляцоўцы гандлёва-лагістычнага цэнтра "Глобус Парк" у Шчомысліцы прадукцыю і апошнія навукова-тэхнічныя распрацоўкі прадстаўляюць каля 600 кампаній амаль з 30 краін свету.