Тры мільёны тон стануць рэальнасцю дзеля Мінскай вобласці

9 сентября 2015

Тры мільёны тон збожжа - такія амбіцыйныя планы аграрыяў Мінскай вобласці назваў губернатар Сямён Шапіра падчас выязной прэс-канферэнцыі. На думку старшыні аблвыканкама, гэтыя лічбы стануць рэальнасцю дзякуючы сучасным сельгастэхналогіям і селекцыйнай працы. Нагадаем, сёлета каравай цэнтральнага рэгіёна важыць больш за 2 200 000 тон. Такім чынам, пабіты мінулагодні рэкорд, у тым ліку і ва ўраджайнасці. Адпаведна на новы ўзровень павінна выйсці і вытворчасць малака. Аграпрагнозы - у Аляксандра Хараўца.

Ганна Шарамет - вопытны жывёлавод. Да нядаўняга часу працавала ва Украіне, сёння даглядае цялят у гаспадарцы “Каганец” Стаўбцоўскага раёна. Прыбаўкі ў вазе - па кілаграме на дзень - вынік падыходу да сваіх абавязкаў з адказнасцю.

Сакрэт поспеху - тэхналогія, спецыялісты і сучаснае абсталяванне, падхоплівае дырэктар гаспадаркі. Толькі на гэтым малочна-таварным комплексе штодзень атрымліваюць звыш шасцісот тон малака выключна экстра-класа.

Дзякуючы сучасным падыходам і сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у гаспадарцы склала больш за 43 цэнтнеры з гектара. І гэта з улікам сёлетніх няпростых умоў надвор’я.

Выдатны ўраджай не толькі на палях, але і ў садах вобласці. Напрыклад, лішкі яблыкаў сельгаспрадпрыемствы, ды і жыхары вобласці здаюць вось на гэты завод. За суткі тут пераапрацоўваюць звыш трыццаці тон садавіны. Летась прадпрыемства мадэрнізавалі, і сёння прадукцыю са Стоўбцаў ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

На змену звыклым трохлітровым слоікам прыйшла сучасная пяцілітровая тара. І сёння сокі і нектары на прадпрыемстве разліваюць вось у такія спецыяльныя палімерныя пакеты. У выйгрышы толькі пакупнікі. Таму што тару прасцей узяць у рукі, яна значна таннейшая, ды і ўтылізаваць яе таксама няцяжка.

Гэта прадпрыемства пакуль адзінае ў краіне, дзе выпускаюць фруктова-ягадныя напаўняльнікі для малочнай і кандытарскай прадукцыі.

Толькі за мінулы год чысты прыбытак прадпрыемства склаў больш за мільярд рублёў. Прычым значную частку прадукцыі паставілі на экспарт. Прадпрыемствы Мінскай вобласці сёння стаўку робяць не толькі на мадэрнізацыю і імпартазамяшчэнне, але і на пашырэнне геаграфіі паставак.