Тры буйныя вадаёмы ў Магілёўскай вобласці папоўнілі свае рыбныя запасы

7 декабря 2015

У гэтым прынялі ўдзел і самі рыбакі - тыя, хто з'яўляецца членам таварыства паляўнічых і рыбаловаў і добрасумленна робіць адлічэнні. Дзякуючы такой кааперацыі, на думку спецыялістаў, любая рыбалка зараз стане ўдалай.

Калі чакаць першы ўлоў, ведае Андрэй Ястрабаў. Чыгірынскае вадасховішча створана яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя для забеспячэння энергіяй гідраэлектрастанцыі. Працуе яна паспяхова і зараз. Не паменшылася з таго часу і само вадасховішча - плошча амаль 21 квадратны кіламетр.

Месца для самага буйнога зарыблення вылучана невыпадкова. Вадасховішча ўжо больш як паўстагоддзя застаецца ўпадабаным месцам адпачынку. У выхадныя тут збіраюцца тысячы аматараў рыбнай лоўлі.

Упершыню сёлета сюды прыехалі машыны для перавозкі жывой рыбы - маладняка са спецыяльнай фермы. Паводле слоў спецыялістаў, здаровы пасадачны матэрыял.

Некалькі хвілін падрыхтоўкі: ля берага прыбіраюць камяні, каб не пашкодзіць рыбу падчас транспартоўкі.

Дзмітрый Дзмітронак, дырэктар Кіраўскай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў: "Чыгірынскае вадасховішча зарыбляецца другі раз. Летась запусцілі восем тон карпа і амура, сёння зарыблена шчупаком. 1 тона 600 кг шчупака і 960 кг сома".

Разявак інспектары тут жа папярэдзілі: лавіць да наступнага лета гэтую рыбу забаронена. Пакуль не дасягне прамысловых памераў. Зараз такі ўлоў будзе лічыцца браканьерствам.

Амаль чатыром тонам рыбы даецца час прайсці акліматызацыю і нават першы нераст. Як паказвае практыка, павелічэнне рыбных запасаў можна чакаць ужо да наступнага летняга сезона.

Яўген Пякарскі, начальнік Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету: "Зарыблена вадасховішча Чыгірынскае, Цяцерынскае і Рудзея. Колькасць відаў трэба падтрымліваць, вядома, павялічваць, каб рыбаловам-аматарам было цікава ездзіць на рыбалку".

А пакуль інспектары прыродааховы ўзялі пад асаблівы кантроль усе тры вадасховішчы. З кругласутачнымі рэйдамі і абавязковай праверкай улову. Зразумець і дараваць парушальнікам не атрымаецца: штрафы даволі вялікія, адна вылаўленая рыба можа каштаваць браканьеру больш як тры з паловай мільёны рублёў.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя