Тры буйныя інвестпраекты рэалізуюць у Нясвіжскім раёне

22 октября 2015

Праз месяц тут адкрыюць новае прадпрыемства па вытворчасці медпрэпаратаў. Затым на чарзе завод па выпуску дзіцячага харчавання і малочнай прадукцыі.

Інвестыцыйны патэнцыял у раёне даволі вялікі. Па выніках мінулага года Нясвіжскі раён трапіў у топ самых прыбытковых рэгіёнаў краіны. Антаніна Станкевіч пераканалася: вялікая справа можа пачацца і ў маленькім горадзе.

На гэтым прадпрыемстве і не ўтойваюць: вытворчасць мэблі апошнім часам не самы даходны бізнес, у параўнанні з мінулымі гадамі. Ды і канкурэнцыя ў гэтай сферы даволі высокая. Таму вымушаны былі скарыстацца антыкрызісным рэцэптам: выдаткі на вытворчасць зніжаюць - асартымент і якасць прадукцыі павышаюць.

Заваёўваць новыя рынкі плануюць і на прадпрыемстве па вытворчасці медпрэпаратаў. Не кажучы пра тое, што праз год тут змогуць цалкам закрыць і патрэбы ўнутранага рынку ў прэпаратах, зробленых на аснове плазмы крыві. Новы цэх адкрыецца праз месяц.

Імунаглабулін, альбумін і фактары згортвання крыві сення набываюць за мяжой. А між тым, гэтыя прэпараты патрэбныя для лячэння анкалагічных, кардыялагічных і неўралагічных захворванняў. Вытворчасць прэпаратаў пад маркай “зроблена ў Беларусі” дазволіць выкарыстоўваць іх не толькі ў крытычных выпадках.

Зараз на тэрыторыі Нясвіжскага раёна рэалізуюць тры буйныя інвестпраекты. З улікам спецыфікі рэгіёна самымі прывабнымі галінамі застаюцца сельскагаспадарчая і турыстычная. Але любую прадпрымальніцкую ініцыятыву ў раёне ахвотна падтрымліваюць.