Трэці форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стартуе заўтра ў Мінску

6 июня 2016

Заўтра ў Мінску стартуе Трэці форум рэгіёнаў. Галоўная тэма - саюзнае супрацоўніцтва. Ключавыя пытанні - роўныя правы грамадзян Беларусі і Расіі і моладзевая палітыка.

Плануецца, што ў форуме прымуць удзел прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, парламентарыі дзвюх краін, кіраўнікі беларускіх рэгіёнаў і суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. Сёлета ўдзельнікі збяруцца адразу на некалькіх дыскусійных пляцоўках. Чакаецца, што Беларусь наведае мэр Масквы Сяргей Сабянін. Па выніках візіту бакі плануюць падпісаць план праграмных мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва на наступныя два гады. Запланаваная праца дзевяці секцый па гуманітарным супрацоўніцтве, медыцыне і адукацыі. Моцным будзе і эканамічны блок. Не пазбягаюць магчымасці ўмацаваць супрацоўніцтва і прамыслоўцы дзвюх краін. Да прыкладу, на форуме пакажуць усе прадпрыемствы Беллёгпрама.

Мікалай Яфімчык, старшыня канцэрна "Беллёгпрам": "РФ заўсёды была вельмі важная. Вельмі важна, што прыедуць рэгіёны, з якімі мы цесна супрацоўнічаем, у тым ліку Іванаўская вобласць, знакамітая сваім тэкстылем. Мы распрацоўваем сур'ёзныя сумесныя праекты. У нас вялікая праграма па Магатэксе, якая мае сур'ёзнае супрацоўніцтва з РФ. Мы спадзяемся, што цэлы шэраг нашых прадпрыемстваў будзе актыўна супрацоўнічаць. У тым ліку Аршанскі ільнокамбінат, тэма вядомая і ўключаная ў праграму Еўразійскага саюза".

У Мінск прыедуць прадстаўнікі больш як 30 расійскіх рэгіёнаў. Першы форум па тэме сельскай гаспадаркі прайшоў у Мінску ўлетку 2014 года. Другі раз удзельнікі сабраліся ў Сочы ў верасні мінулага. Акцэнт быў зроблены на машынабудаванні.