Традыцыйна аграрыі Віцебскай вобласці пазней уключаюцца ў вяснова-палявую кампанію

6 апреля 2019

Час сеяць настаў і на поўначы Беларусі. Традыцыйна аграрыі Віцебскай вобласці пазней уключаюцца ў вяснова-палявую кампанію. Пасля зімы сельгасугоддзі "распячаталі" ў Докшыцкім, Лепельскім, Пастаўскім, Глыбоцкім, Чашніцкім раёнах, тады як летась надвор'е дазволіла ўвайсці ў поле толькі ў другой дэкадзе красавіка. Адметнасці сёлетняй кампаніі - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай

Буслы на полі - гэта слушная  прыкмета таго, што і хлебаробам час заводзіць тэхніку. Вясна сёлета выдалася ранняй - снег сышоў хутка, а дажджы асабліва не дакучалі. 

Гэтай вясной тэхніка выйшла ў палі на два тыдні раней, чым летась. Ужо 28 сакавіка сеялі ўсе гаспадаркі Чашніцкага раёна. Паралельна з сяўбой ідзе аранне. З 45-ці энерганасычаных трактароў вясенне-палявую кампанію з-за няспраўнасці прапусцяць тры. 

Для механізатара Мікалая Шасціткі гэтая пасяўная - сёмая. Гаворыць, першыя дні ў полі - гэта заўсёды праверка тэхнікі на трываласць. У гаспадарцы "Проземле-Агра" ўсе сілы кінулі на цяжкія гліністыя глебы. Гавораць: пойдуць дажджы, тады не ўлезешь. З кожным днём сяўба набірае абароты. 

У "Проземле-Агра" сёлета робяць стаўку на зернебабовыя культуры - павялічваюцца пасяўныя плошчы пад гарох і авёс. Кіраўнік гаспадаркі тлумачыць гэта так.

Але не стратэгія, а тэхналогія вызначае багаты ўраджай. Зараз галаўны боль аграрыяў - своечасовая падкормка азімых. Боль - таму што мінеральных тукаў не хапае. 

У цане і працоўныя рукі. У гаспадарках не хапае механізатарскіх кадраў. Сезонны дэфіцыт механізатараў папаўняюць спецыялістамі мясцовых прадпрыемстваў. Усяго ў дапамогу аграрыям Чашніцкага раёна прыцягнута больш за 30 чалавек. У іх ліку Станіслаў Кленьё. Ён заняты на ўзворванні ўгоддзяў гаспадаркі "Красналуцкае".

Яравы клін у раёне складае больш за 13 тысяч гектараў. Амаль палову з іх зоймуць збожжавыя і зернебабовыя культуры. Пры спрыяльных умовах надвор’я разлічваюць правесці пасяўную за два тыдні.