Тавары на прасторы СНД да 2015 года будуць перамяшчацца без пошлін

18 июня 2013

Наконт гэтага гаварылі сёння ў Маскве на чарговым пасяджэнні Эканамічнага савета Садружнасці. Адной з галоўных тэм стала рэалізацыя пагаднення аб зоне свабоднага гандлю. Беларусь сёлета старшынствуе ў СНД і чакаецца, што да моманту завяршэння мандата нашай краіны на кіраўніцтва арганізацыяй працэс зняцця ўзаемных бар'ераў стане неабарачальным. На сённяшні дзень ужо адмянілі шэраг пошлін.


Падрабязнасці ў Максіма Кароткіна. Галоўных тэм для абмеркавання ва ўдзельнікаў Эканамічнага савета СНД было дзве: першая датычылася стратэгіі эканамічнага развіцця Садружнасці, другая - вынікаў работы нядаўна створанай зоны свабоднага гандлю. Стратэгія эканамічнага развіцця СНД разлічаная да 2020 года і падстаў хвалявацца за яе рэалізацыю Выканаўчы сакратар Садружнасці не бачыць. Ва ўсялякім разе праекты, зацверджаныя планам на 2012-2015 гады, што называецца, у графіку. Зона свабоднага гандлю - ініцыятыва даволі новая. Пагадненне аб ёй уступіла ў сілу толькі ў канцы мінулага года, але шэраг пошлін у гандлі паміж краінамі Садружнасці ўжо абнулілі. Чакаецца, што да 2015-га СНД пяройдзе на бяспошлінны гандаль. Зрэшты, не выключана, што гэты апошні бар'ер будзе зняты яшчэ раней, і пытанне з імпартнымі пошлінамі ў СНД будзе закрыта. Іншая справа, што меры абароны краінамі свайго рынку і свайго вытворцы застаюцца. І з гэтым таксама нешта трэба рабіць.


Нельга выключаць, што гэтая тэма можа стаць прадметам перамоў ужо на будучым пасяджэнні Эканамічнага савета СНД. Па дамоўленасці яно пройдзе таксама ў Маскве ў верасні.


Акрамя гэтага, удзельнікі сённяшняга савета дамовіліся прывесці ў адпаведнасць з сусветнымі стандартамі справаздачнасць у фінансавай сферы і абмеркавалі падрыхтоўку кадраў у галіне навукова-тэхнічнай інфармацыі. Гэтыя тэмы будуць вынесеныя на разгляд кіраўнікоў урадаў СНД.