Кмен - зараз беларускай вытворчасці

30 октября 2014
Самая папулярная ўсходняя спецыя - кмен - зараз беларускай вытворчасці. Прамысловы ўраджай культуры вырасцілі навучэнцы Жлобінскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Першую партыю ўжо адправілі на мясцовы хлебазавод. Прычым, паводле ацэнкі спецыялістаў, якасць насення вышэйшая, чым у імпартных аналагаў.

Расказвае Вольга Халадовіч.


Дзве тоны з двух гектараў. Плюс два гады чакання. І на навучальных палях Жлобінскага аграрна-тэхнічнага каледжа паспеў першы ў Беларусі прамысловы ўраджай кмену.
Лабараторныя даследаванні паказалі, што беларускі кмен выдатнай якасці. А яшчэ ён у 2 разы таннейшы за імпартны. І шкада, камера не можа перадаць пах, які зараз у гэтай лабараторыі.
Уласцівасці кмену зараз вывучаюць і тыя, хто вучыцца ў каледжы на повара. А непасрэдна будучыя аграрыі зараз ведаюць усё аб тым, як вырошчваць вострую прыправу.
Першыя сабраныя 250 кілаграмаў кмеу ўжо купіў мясцовы хлебазавод. На чарзе - Жлобінскі мясакамбінат. Такім чынам у каледжы рэалізуюць сваю ўласную праграму імпартазамяшчэння.
Мікалай Алейнік, дырэктар Жлобінскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа: На сённяшні дзень мы адправілі на ўсе хлебазаводы і мясакамбінаты вобласці нашы камерцыйныя прапановы. Спадзяёмся, што кіраўнікі, вытворцы звернуць на нас увагу, а тэхнолагі распрацуюць добрую, якасную, карысную прадукцыю з нашай сыравіны.
Расставацца з ураджаем да апошняга зярнятка ў каледжы не плануюць. Кмен пакінуць на насенне. А яшчэ яго ўжо выкарыстаюць повары ў каледжы.
Ганна Макарэвіч, майстар вытворчага навучання Жлобінскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа: Вельмі ён карысны для ўсіх - як для маленькіх, так і для дарослых. І капуста з кменам мае густ непаўторны. Вось паспрабуйце калі-небудзь зрабіць - вы не пашкадуеце.
У наступным годзе ў Жлобінскім аграрным каледжы плошчу пад кмен плануюць павялічыць удвая. Прычым, тут упэўненыя, што спецыяй зацікавяцца не толькі ў харчовай прамысловасці, але і ў галіне медыцыны і касметалогіі. А таксама ў сельскай гаспадарцы. Араматычная дабаўка з кмену павышае якасць і прадукцыйнасць малака.