Тэмпы ўборачнай нядрэнныя

29 июля 2013

Наш карэспандэнт Якаў Бута выехаў на палі, і хлебаробы запэўнілі яго: выніковы каравай абяцае быць важкім. У Аляксандра Іванавіча гэта ўжо пяты рэйс за дзень. На КПП ледзь паспяваюць рэгістраваць грузавікі, напоўненыя збожжам. На ўездзе - абавязковае ўзважванне.


Да раніцы гэтага збожжа тут ужо не будзе. Усё - у новую сушылку. Праўда, яе напаўняльнасць сёлета будзе крыху ніжэй.


Дэвіз гэтага сельскагаспадарчага комплексу - Хлеб - усяму галава. Толькі ў цяперашнім сезоне галава трохі баліць - за ўраджай. Калі летась намалацілі больш за дзевяць тысяч тон, то сёлета, добра, калі будзе восем з паловай.


Ураджайнасць знізілася па ўсёй краіне. З 38 да 32 цэнтнераў з гектара. З надвор'ем не пашанцавала.


Аграрыі ўжо намалацілі больш за паўтара мільёна тон збожжа. Па краіне ўбрана пятая частка пасяўных плошчаў. У лідарах жніва - Гомельская і Брэсцкая вобласці. На іх рахунку - 413 і 335 тысяч тон збожжа. Актыўна вядзе працы сталічны рэгіён - тут сабрана ўжо 300 тысяч тон. Нараўне ідуць Віцебская і Гродзенская вобласць - па 150 тысяч тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць па краіне 31,8 ц/га. Па ўсёй краіне ход уборачнай кантралююць спецыяльныя службы.


А тым часам сёння ў Мінскай вобласці з'явіліся і першыя тысячнікі. Адзін экіпаж з Салігорскага, другі - са Слуцкага раёнаў. Паўднёўцы традыцыйна бяруць гэтую планку першымі.