Тэхнічнае абнаўленне парка сельгасмашын паспрыяе аператыўнай уборцы збожжавых

13 июля 2018

Тэхнічнае абнаўленне парка сельгасмашын паспрыяе аператыўнай і якаснай уборцы збожжавых у Мінскай вобласці. Пра гэта сёння заяўлена ў Дзяржынскім раёне на семінары для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Сёлета на палі цэнтральнага рэгіёна выйдуць амаль паўтысячы адзінак новай тэхнікі і агрэгатаў, сярод іх і 100 камбайнаў. Ноу-хау і правераныя часам падыходы да ўраджайнага жніва ацаніў Аляксей Кандраценка.

Машын і агрэгатаў шмат, але жняярка камбайна адна. Менавіта ад гэтага элемента збожжаўборачнай тэхнікі залежыць ледзь не палова поспеху ў малацьбе. Умееш справіцца з агрэгатам - у бункеры будзе максімум збожжа.

У самой гаспадарцы «Крутагор'е-Петкавічы» - пляцоўцы семінара - ужо 4-ы год стабільна высокая ўраджайнасць збожжавых - 60 цэнтнераў з гектара. Пры такім узроўні не абысціся без высакаякаснай тэхнікі.

І сёння ж сельгасарганізацыям прэзентавалі і ноу-хау з элементамі IT у стратэгіі максімальна эфектыўнай аддачы ад тэхнікі.

А ў панядзелак, 16 ліпеня, усе аграрыі Мінскай вобласці разам з губернатарам збяруцца для таго, каб канчаткова, як кажуць, зверыць гадзіннікі. Пляцоўкай для нарады па пытаннях уборачнай кампаніі - 2018 стане гаспадарка з сімвалічнай назвай «Рапс» у Мінскім раёне.