Мытнікі і прадстаўнікі бізнесу Беларусі абмеркавалі праблемныя пытанні

20 июня 2013

Мытнікі і прадстаўнікі бізнесу Беларусі абмеркавалі сёння праблемныя пытанні, як зрабіць нашу краіну больш прывабнай для вядзення бізнесу, лагістыкі і транзіту. За апошнія пяць гадоў на мяжы ўкаранёна нямала новых тэхналогій (электроннае дэклараванне, інспекцыйна-надглядальныя комплексы), будуюцца транспартна-лагістычныя цэнтры. Аднак пакуль прынцып хутка, проста, мінімум выдаткаў не страчвае актуальнасці.


Пра тое, да чаго менавіта імкнуцца мытнікі і бізнесмены, даведвалася Вікторыя Патоня.


Са стварэннем Мытнага саюза роля Беларусі ўзрасла, штогод павялічваецца колькасць грузапатокаў праз нашу краіну. Як спосаб зарабіць на транзіце будуюцца транспартна-лагістычныя цэнтры, якія ў выніку прыводзяць да патаннення тавараў. Беларускія лагістычныя цэнтры запатрабаваныя ў сярэднім на 60%. Ёсць канкурэнцыя ў Прыбалтыцы. У Брэсце, на стыку Мытнага саюза і Еўропы, попыт перавышае прапанаванне. Таму будуецца яшчэ адзін сучасны цэнтр.



Мытнікі пастаянна імкнуцца да больш эфектыўнай працы ў пунктах пропуску. Казловічы - адзін з найбуйнейшых у краіне. Дзякуючы новым тэхналогіям тут выяўляецца значная частка кантрабанды.


Дзякуючы інспекцыйна-надглядальнаму комплексу якасць кантролю за тым, што змяшчаецца ў вялікагрузах, вырасла ў разы. Абсталяванне сканіруе падазроныя машыны. Тавар відаць, як на рэнтгене, у тым ліку левы. Комплекс дазваляе выяўляць зброю, наркотыкі, выбуховыя рэчывы. За гадзіну тут правяраюць да 15 грузавікоў.


У Казловічах таксама правялі эксперымент пад назвай Зялёны канал, які сябе апраўдаў і будзе ўжо сёлета ўкаранёны на іншых пунктах пропуску краіны.


Уладзімір Арлоўскі, начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі: Падчас гэтага эксперыменту афармленне грузаў праводзілася прама на тэхналагічным канале, без заходу вадзіцеля ў будынак, дзе размяшчаюцца ўсе кантрольныя службы. Эксперымент паказаў, што скараціць час знаходжання транспартнага сродку ў пункце пропуску можна практычна ў тры разы, прымяняючы новыя тэхналогіі.


У прадстаўнікоў бізнесу ўсё ж ёсць шэраг пытанняў, якія яны абмеркавалі на выязным грамадска-кансультатыўным савеце з мытнымі органамі.


Аляксандр Салошчаў, генеральны дырэктар Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў БАМАП: Стаіць праблема, каб загрузіць лагістычныя цэнтры. Для гэтага трэба прыцягнуць грузапатокі. На сённяшні дзень немагчыма прыцягнуць, таму што дзеючы мытны кодэкс Мытнага саюза яшчэ прадугледжвае так званы прынцып рэзідэнцтва, калі тавар можа ачысціць толькі суб'ект дзяржавы, куды тавар і накіроўваецца.


Жанна Тарасевіч, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С. Куняўскага: Тут ёсць пэўныя моманты, на якіх трэба засяродзіць увагу ў будучыні. Гэта перш за ўсё запаўненне статыстычнай дэкларацыі, таму што, калі мы возьмем мытную дэкларацыю Еўрапейскага саюза, то там каля 20 пунктаў, у нас у Беларусі каля 50. І над гэтым трэба працаваць.


Ужо сёлета транспартны кантроль у пунктах пропуску будуць выконваць не супрацоўнікі Мінтранса, а мытнікі і пагранічнікі. Гэта адна з частак праграмы Дзве службы на мяжы, да якой поўнасцю Беларусь павінна перайсці да 2015 года.