Своечасовасць і якасць - галоўныя кірункі для аграрыяў Беларусі

9 апреля 2013

Сітуацыя з вясновай пасяўной, мякка кажучы, нетыповая для Беларусі ў гэты час года. Напрыклад, калі ў Гомельскай вобласці палі ў вадзе, то ў Магілёўскай снежнае покрыва месцамі дасягае паўметра. Тым не менш спецыялісты не панікуюць. Улічваючы назапашаны вопыт і сучасную тэхніку на каравай сёлета можна глядзець з аптымізмам. А вось на чым ён заснаваны - даведаліся нашы карэспандэнты.    


Сёлета пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя ў Магілёўскай вобласці адвялі практычна палову пасяўных плошчаў рэгіёну. Працаваць на добры ўраджай пачалі яшчэ мінулым летам. І прагнозы былі цалкам аптымістычныя. Не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Увайсці на гэтыя палі сёння можна толькі на лыжах.
 


Расказвае Уладзімір Сёмкін.


У лепшым выпадку нават паўднёвыя раёны Магілёўскай вобласці змогуць пачаць сяўбу толькі на наступным тыдні. Астатнія і таго пазней. На палях снег месцамі да паўметра. Тут і спецтэхніка не дапаможа. Застаецца чакаць і наводзіць глянец на даўно ўжо гатовую тэхніку. 


Снежнае покрыва на палях не ідзе на карысць і азімым. Пакуль страты ў раёне дапушчальных 2-3%. Але раслінам, паводле слоў спецыялістаў, патрэбна падкормка. Так што паралельно з пасяўной у вобласці будуць займацца і ўнясеннем угнаенняў.
 


Як толькі вясна па-сапраўднаму ўступіць у свае правы, у аграрыяў рэгіёну будзе ўсяго толькі 10 дзён, каб завяршыць сяўбу ў тэрмін. Ці паспеем? Што на гэты конт думаюць навукоўцы?
 


Іх спытала мая калега Ксенія Рабчынская.


А вось спецыялісты з Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве лічаць, што зацяжная зіма  ў першую чаргу прычыніць урон азімым пасевам ячменю і трыцікале. Пад вялікім пластом снегу, якім яшчэ сёння пакрытыя палі, менавіта яны слабеюць больш за іншыя культуры, а значыць, схільныя да інфекцыі снежнай цвілі.


Акрамя таго, пасевы азімых могуць быць саслабелыя і з-за намакання пасля раставання снегу. Не менш небяспечна і магчымае ўтварэнне лядовай скарынкі. Аднак гэтыя прычыны навукоўцы называюць другараднымі. Тым больш што да вось такой зацяжной зімы  рыхтаваліся загадзя, яшчэ ўвосень.
 


Канстанцін Шашко, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук: На нашых палях высяваліся сарты айчыннай селекцыі, якія маюць больш высокую ўстойлівасць да неспрыяльных фактараў перазімоўкі. Другое, усе пасевы азімых збожжавых культур пасеяныя ў аптымальныя тэрміны.
 


Паводле слоў навукоўцаў, менш за ўсё ад зацяжной зімы пацерпіць жыта. Але нават саслабелыя пасевы змогуць выратаваць азотныя ўгнаенні. Неўзабаве іх пачнуць прымяняць ужо ў Пінскім, Мазырскім і Гомельскім раёнах. Менавіта ў гэтых рэгіёнах на палях засталося найменш снегу.


Чакаецца, што позняя і халодная вясна прычыніць урон і яравым збожжавым культурам, бо пасяўная кампанія сёлета зрушваецца на больш познія тэрміны. Гэта значыць, што ў раслін будзе менш часу для фарміравання ўраджаю. Аднак навукоўцы зусім не лічаць сітуацыю катастрафічнай. Як і ў папярэднія гады, гібель азімых пасеваў не павінна скласці больш за 10-15%.