Свабодная эканамічная зона "Магілёў" адзначае 15-годдзе

16 февраля 2017

Яна самая маладая ў Беларусі і ўжо змагла прыцягнуць больш за мільярд інвестыцый. Наперадзе будаўніцтва буйных хімічных заводаў. Мытныя льготы ў СЭЗах з гэтага года адмянілі, але інвестараў з Еўрасаюза менш не стала. Больш падрабязна Андрэй Ястрабаў.

Для сусветнага лідара па вытворчасці дрэўных пліт гэтае прадпрыемства на ўскраіне Магілёва стала самым буйным у Еўропе. Пачыналі свой бізнес на тэрыторыі СЭЗ яшчэ ў 2013-м, праз год выпусцілі першую OSB-пліту. Зараз гэта амаль кіламетр сучаснай вытворчасці, канвеер, які не спыняецца ні на хвіліну.

У стадыі так званай абкаткі другі завод канцэрна. Тут пачалі выпуск смол. Трэці - па вытворчасці металаканструкцый - у стадыі зборкі. Усяго ж пад пашырэнне сваёй прысутнасці ў СЭЗ канцэрн зарэзерваваў яшчэ 60 гектараў.

Гэтае прадпрыемства з літоўскімі інвестыцыямі - адзін з удзельнікаў дрэваапрацоўчага кластара. Яго яшчэ называюць галоўнай удачай СЭЗ "Магілёў". Гэта дзякуючы яму створана каля 2-х тысяч новых рабочых месцаў. І яшчэ 10 тысяч - у сумежных галінах.

Яшчэ адным інвестпраектам, рэалізаваным на тэрыторыі СЭЗ, стаў вось гэты "абменны парк" - чыгуначная станцыя. Праз яе зараз праходзяць усе грузаперавозкі дрэваапрацоўчага кластара ў Еўрасаюз і ва ўсходнім напрамку. Рэгуляваць усе гэтыя працэсы стала прасцей - гружаныя цягнікі ідуць без затрымак.

За 15 гадоў на тэрыторыі СЭЗ "Магілёў" (а гэта 9 пляцовак, плюс у райцэнтрах - Шклове, Бабруйску і Асіповічах) удалося рэалізаваць праекты на мільярд еўра. Так, адмянілі мытныя льготы пры рэалізацыі прадукцыі ў краінах ЕўрАзЭС. Але ў Беларусі і тут падставілі плячо бізнесу.

Андрэй Ярцаў, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Магілёў": "Рэзідэнты СЭЗ вызваляюцца ад падатку на зямлю і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, і гэта зноў-такі льгота па выплаце падатку на дабаўленую вартасць. Штогод мы выходзім з ініцыятывамі менавіта па паляпшэнні заканадаўчай базы і стварэнні дадатковых пераваг рэзідэнтам СЭЗ з мэтай прыцягнення інвестыцый".

Германія, Літва, Турцыя, Польшча, Аўстрыя. З улікам галін, якія атрымалі найбольшае развіццё ў рамках СЭЗ "Магілёў", краінавая стратэгія на найбліжэйшыя гады не змянілася. Дарэчы, ужо ў красавіку тут плануецца адкрыццё аднаго з найбуйнейшых у Еўропе хімічных заводаў па вытворчасці тэхнічнага вугляроду з удзелам расійскага інвестара.