Сцэнарый развіцця Беларусі на 2015-ы год сёння прадставілі ва ўрадзе. (Удакладніць прагноз і распрацаваць дэталёвую палітыку контрмер 11 лістапада даручыў Прэзідэнт). Гандлёва-эканамічныя баталіі Расіі, ЗША і Еўрасаюза, з аднаго боку, прывядуць да росту паставак прадуктаў харчавання на ўсходні рынак - да 7 мільярдаў долараў, гэта плюс. Мінус для Беларусі - зніжэнне попыту і цэн на айчынныя тэхніку, абсталяванне, трыкатаж і мэблю. Сур'ёзныя рэзервы ёсць і ўнутры краіны - склады вытворцаў і даўгі замежных спажыўцоў ацэньваюцца ў 8 мільярдаў долараў. Па даручэнні Прэзідэнта гэтыя грошы павінны быць вернуты ў рэальны сектар. Яшчэ адно даручэнне Кіраўніка дзяржавы - барацьба з ростам цэн. Тут урад аптымістычны - узровень інфляцыі ў 2015-м не павінен перавысіць 12%.
Урад прадоўжыць курс падтрымкі экспарцёраў. Ім плануюць кампенсаваць працэнтныя стаўкі - адначасова будуць зніжаць маржу банкаў. Акцэнт зрабілі і на здаровы рост прадукцыйнасці працы. Адсюль невялікі рост ВУП і рэальных зарплат, але з апярэджаннем інфляцыі.
У цэлым сцэнарый 2015-га года - асцярожны. Любы станоўчы фактар - рост цэн на вуглевадароды або беларускія тавары (ад угнаенняў да паслуг, нармалізацыя адносін Расіі і Еўрасаюза) будзе працаваць на беларускую эканоміку і ўзровень жыцця.














