Будаўніцтва чацвёртай лініі метро пачнецца ў чэрвені

24 января 2014
Напярэдадні метрабудаўнікі зацвердзілі графік яе ўзвядзення. Гэта ветка злучыць плошчу Бангалор і мікрараён Чыжоўка. Акрамя гэтага поўным ходам вядуцца работы па узвядзенні трэцяй лініі сталічнай падземкі. Першыя чатыры станцыі прымуць сваіх пасажыраў у 2017 годзе. Дарэчы, па гэтай лініі будуць курсіраваць аўтаматызаваныя электрычкі без машыністаў. Што да станцыі метро Малінаўка, яна адкрыецца 1 мая.

Аляксандр Харавец больш падрабязна.

Дабудаваць Малінаўку разам. На гэтай станцыі сталічнай падземкі кожныя выхадныя ладзяцца суботнікі. Аднымі з першых на дапамогу метрабудаўнікам прыйшлі амаль паўсотні будучых рабочых. У асноўным дабравольцы дапамагаюць у навядзенні парадку на станцыі. Праца хоць і нескладаная, але адказная. Замяшаць раствор, паднесці вады або прыбраць смецце. Для многіх гэта яшчэ і каштоўны вопыт.

Работы ў падземцы выходзяць на фінішную прамую. Засталося пакласці прыродны камень у вестыбюлях, на платформе і выхадах. Пасля гэтага пачнецца мантаж сістэм бяспекі і відэаназірання. Плануецца, што для пасажыраў станцыя метро адчыніць свае дзверы 1 мая. Каб паспець да гэтага тэрміну, амаль паўтысячы будаўнікоў працуюць у тры змены. Прычым не толькі ў будні, але і ў выхадныя дні. А мастацкае афармлення Малінаўкі пачнецца ўжо на наступным тыдні.

Максім Петруль, скульптар: Малінаўка будзе такой, каб яна адсылала нас у гай, у такі летні сад. Насычаецца гэта графічнымі элементамі, пластычнымі элементамі. Колеры будуць мяккімі. Вельмі складана апісваць колер. Сказаць, што чырвоны, зялёны, сіні, гэта вельмі мяккія колеры, уласцівыя такой вось летняй беларускай раніцы.

Акрамя таго, метрабудаўнікі пачалі ўзвядзенне трэцяй веткі сталічнай падземкі. Вуліцы Вакзальная, Дружная і Жукоўскага ператварыліся ў вялікую будаўнічую пляцоўку. Зараз тут расчышчаюць пляцоўкі для будучых станцый. Дарэчы, іх будаўніцтва паскорыць новы механізаваны комплекс, які дазволіць пракладваць лінію метро толькі пад зямлёй.

Працягласць новай лініі складзе больш за 17 кіламетраў і расцягнецца на 14 станцый. Першыя чатыры - Юбілейная плошча, Плошча Францішка Багушэвіча, Вакзальная, Кавальская Слабада - прымуць сваіх пасажыраў ужо ў 2017 годзе. Пасажырскія платформы на будучых станцыях абсталююць спецыяльнымі шчытамі, якія выключаць падзенне пасажыраў на пуці.

Уладзімір Целяпнёў, галоўны архітэктар ААТ Мінскметрапраект: Па краях платформы ўстанаўліваюцца агароджы, у нашым выпадку вышынёй метр 60, над імі светлавы пояс, які знаходзіцца на вышыні 2100, насычаны пояс - уся інфармацыя аб выхадзе і руху цягнікоў. На выхадзе адначасова з'яўляецца і асноўнай крыніцай святла для станцыі.

Да таго ж па трэцяй лініі метро будуць курсіраваць аўтаматызаваныя электрычкі без машыністаў. А эскалатары заменяць травалатарамі - гарызантальным аналагам лесвіцы, якая рухаецца з хуткасцю 1 метр за секунду.