Стратэгію развіцця ў эканоміцы абмяркоўвалі сёння на Кастрычніцкім эканамічным форуме KEF

3 ноября 2015

Канферэнцыя сабрала вядомых эканамістаў, аналітыкаў, банкіраў і дзяржкіраванцаў, каб вырашыць, якім шляхам рухацца далей: удасканальваць старую мадэль або пераходзіць на новы шлях эканамічнага росту. Ідэі для ўстойлівага развіцця выслухала наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

Эканоміка Беларусі зноў перад выбарам. Пра гэта сёння гавораць на канферэнцыі ў Мінску. Галоўнае пытанне - які віток выбраць: рамонт старой мадэлі або пераход да новага шляху развіцця.

Гэты форум - адкрытая пляцоўка для дыялогу аб устойлівым развіцці Беларусі ў кантэксце глабальнай эканомікі. На форуме дзяржкіраванцы, навукоўцы, аналітыкі і міжнародныя эксперты. Фармат мерапрыемства дазваляе не толькі слухаць выступленні з трыбуны, але і актыўна дыскутаваць, разбірацца ў праблемах, і галоўнае, шукаць шляхі іх рашэння.

Якой дарогай ісці сёння, хвалюе ўсе сусветныя краіны. Міжнародны валютны фонд знізіў для іх прагнозныя паказчыкі на гэты і наступны год. Знешнюю нестабільнасць адчула і Беларусь. Таму наспела неабходнасць змены стратэгіі эканамічнага развіцця.

Мікалай Снапкоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Пошук і ўкараненне стымулаў для бедных пластоў насельніцтва да павышэння ўласнага заробку можа стаць тым штуршком эканоміцы, якога так не хапае ва ўмовах, калі традыцыйныя механізмы не працуюць. Для Беларусі інклюзіўны рост азначае таксама стварэнне залучальнай сістэмы дзяржаўнага кіравання. Правільна створаная сістэма індыкатараў для дзяржаўных службоўцаў дазволіць павысіць агульную эфектыўнасць кіравання эканомікай, а таксама створыць неабходную адзіную эканамічную ідэалогію".

Адзіная і доўгатэрміновая эканамічная праграма, зразумелыя задачы і шляхі іх дасягнення - тое, што чакаюць сёння ад урада. Менавіта стабільнае заканадаўства 60% прыватнікаў Беларусі завуць гарантыяй развіцця свайго бізнесу. Даныя прыводзіць прадстаўнік ААН.

Санака Самарасінха, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі: "Трэба прымаць меры па стварэнні роўных умоў гаспадарання, садзейнічання інавацыям, стымуляваць развіццё малога бізнесу і адыходзіць ад планавых заданняў для дзяржпрадпрыемстваў".

Для таго каб рэагаваць на змены эканамічных і знешніх умоў, Беларусі ў цяперашніх рэаліях неабходна прытрымлівацца гібкага абменнага курсу, адзначае Міжнародны валютны фонд.

Чымяа Фан, дырэктар аддзела Беларусі, Украіны і Малдовы Сусветнага банка: "Ключавым прынцыпам у гэтай сітуацыі з'яўляецца захаванне, наколькі гэта магчыма, гібкага абменнага курсу, для таго каб у эканомікі была магчымасць адаптавацца да ўнутраных і знешніх узрушэнняў. У адваротным выпадку ўздзеянне гэтых узрушэнняў будзе ўзмацняцца".

Гаворачы пра сусветныя цэны на нафту, аналітыкі адзначаюць: рэальны рост пачнецца праз 5-7 гадоў. Пакуль жа трэба ствараць стратэгію развіцця, улічваючы рэзкія ваганні кошту чорнага золата. Сёння прапановы ад асноўных здабытчыкаў - Расіі, Саудаўскай Аравіі і ЗША - значна перавышаюць попыт на сыравіну.

Уладзімір Драбянцоў, галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаній ВР па Расіі і СНД: "З трэцяга квартала наступнага, 2016 года. Да гэтага здабыча нафты ўсё яшчэ будзе перавышаць попыт на яе. Гэта не азначае, што попыт не будзе расці. Але гэтага росту будзе недастаткова, каб размеркаваць гэтыя лішкі нафты на рынку".

Каб выстаяць у такіх няпростых умовах, калі краіны - асноўныя гандлёвыя партнёры, таксама страчваюць у росце ВУП, напрыклад, Расія, Украіна, прадпрыемствам трэба глядзець на далёкія рынкі. У той жа Індыі і Кітаі эксперты ў наступным годзе прагназуюць значны рост. Прадпрыемствы-экспарцёры атрымаюць і падтрымку ад дзяржавы. Гэта не раз падкрэсліваў ўрад. Грошы не будуць распыляцца на склад, а пойдуць на прыбытковыя праекты.

Марэк Дамброўскі, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE: "Беларусь выпрацавала за апошнія 25 гадоў адмысловую мадэль развіцця. Я павінен прызнацца, што не чакаў, што яна столькі зможа пратрымацца і зможа настолькі годна забяспечваць эканамічны рост. А пытанні макраэканамічнай збалансаванасці далёкія ад вырашэння. Хутчэй за ўсё, патрэбныя будуць дзеянні на розных кірунках".

Прыярытэты па фінансаванні і падтрымцы тых або іншых галін змяняюцца пастаянна зыходзячы з новых рэалій. Але ўсё робіцца паступова, каб нівеляваць негатыўныя наступствы для людзей. Менавіта ад іх павінен паступіць той грамадскі запыт на рэформы.

Кірыл Руды, памочнік Прэзідэнта Беларусі, начальнік Галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Каб атрымаць афіцыйны адказ, атрымаюцца рэформы ў 2016 годзе або не, то адказ - з афіцыйных дакументаў, з афіцыйных рашэнняў Кіраўніка дзяржавы. Напрыклад, гэта можна зрабіць з праграмных дакументаў на 2016 год. Яны пакуль не прынятыя, але калі яны будуць прынятыя - паглядзець, ці змяніліся падыходы ў падтрымку стратных дзяржпрадпрыемстваў, дырэктыўнаму планаванню, крэдытаванню, ці павялічыліся выдаткі на сацыяльную абарону, якая плануецца інфляцыя. У цэлым рэформы - гэта новая стратэгія, а значыць новыя прыярытэты".

Заўтра, у другі дзень працы форуму, удзельнікі будуць гаварыць пра поспехі і няўдачы макраэканамічнай палітыкі ў постсавецкіх краінах, манетарную палітыку Беларусі, а таксама ўмовы для эканамічнага росту.