Эканамічная выгада відавочная - так гавораць эксперты пра інтэграцыю постсавецкіх краін у рамках СНД. Захаваўшы вытворчыя і гандлёвыя сувязі, краіны Садружнасці штогод павялічваюць аб'ёмы тавараабароту, пашыраюцца ўзаемныя вытворчыя праекты. А на фоне сур'ёзнага спаду ў некаторых еўрапейскіх краінах-партнёрах канкурэнтныя перавагі эканомік краін Садружнасці называюць відавочнымі.
У чым жа выгада інтэграцыі, разбіралася Наталля Кузьміцкая.
Апошнія некалькі гадоў сельская гаспадарка і сектар рознічных паслуг у сувязі са спажывецкай актыўнасцю ў рэгіёне былі лакаматывам у эканоміках краін - удзельнікаў СНД. Станоўчая тэндэнцыя захоўваецца і сёння, і нягледзячы на нязначны спад у прамысловай вытворчасці, эксперты прагназуюць паскарэнне эканамічнага росту краін Садружнасці да 3,3% сёлета.
Міхаіл Кавалёў, дэкан эканамічнага факультэта БДУ: Рэзервы вельмі вялікія, і гэты год старшынства Беларусі ў СНД паказаў, што ёсць новыя магчымасці, якія ў далейшым, безумоўна, прынясуць істотны прырост беларускага экспарту - не толькі трактароў і аўтобусаў, але і нашых інтэлектуальных паслуг.
Усяго па выніках мінулага года Беларусь з СНД нагандлявала на 53,5 мільярда долараў пры сукупным тавараабароце краін Садружнасці больш чым 300 мільярдаў долараў. Краіны СНД - галоўныя гандлёвыя партнёры Беларусі. На іх прыпадае каля 60% нашага знешняга тавараабароту.
Адным з галоўных прыярытэтаў старшынства ў СНД для афіцыйнага Мінска называецца прыцягненне максімальнай колькасці краін да падпісання дагавора аб зоне свабоднага гандлю. У той час як для грамадзян СНД спрошчаны візавы рэжым, зняць мытныя бар'еры і ліквідаваць заканадаўчыя калізіі неабходна і для бізнесу.
Прыкладам глыбокай інтэграцыі і гарманізаванага заканадаўства служыць Беларусь і Расія, дзе нязменна на высокім узроўні не толькі гандлёвае сальда, але і ўзаемнае інвесціраванне эканомік. З апошніх буйных праектаў - набыццё Беларускай нафтавай кампаніяй актываў буйнога расійскага нафтаздабытчыка. Ужо заўтра кіраўнікі дзяржаў - удзельнікаў СНД абмяркуюць такі інтэграцыйны вопыт.
Пытанне эканомікі не на парадку дня, але ў спісе прыярытэтных. На фоне неспрыяльных эканамічных працэсаў у шэрагу еўрапейскіх краін важна ўмацоўваць міждзяржаўныя і эканамічныя сувязі ўнутры Садружнасці.














