Сталічныя хлебазаводы пашыраюць геаграфію экспарту

18 марта 2016

Ванільныя сушкі, французскія эклеры і тарты з масцікі. Сталічныя хлебазаводы працягваюць разнастайваць прадукцыю і пашыраюць геаграфію экспарту. Штомесяц кандытарскія вырабы адпраўляюць у Расію, Латвію, Казахстан. Адна з апошніх навінак - тарты з кветкавымі кампазіцыямі. Бісквітныя пачастункі дэкаруюць цукровымі ружамі, лілеямі, рамонкамі. Юлія Токар больш падрабязна аб здобных навінках.

Менавіта з гэтага прадпрыемства духмяны хлеб, пірожныя і пернікі амаль на працягу стагоддзя штодзень трапляюць да спажыўцоў. Больш за 400 тон прадукцыі за суткі. Сярод папулярных вырабаў - абаранкі і сушкі. Цэх, дзе іх выпякаюць, адпавядае міжнародным стандартам якасці. Сушкі з ванілінам і макам да спадобы і расійскім пакупнікам.

Геаграфія паставак - такая ж разнастайная, як і віды прадукцыі: Казахстан, Ізраіль, Азербайджан, Амерыка… Паспяховы экспарт - доказ таго, што гэты сталічны хлебазавод працуе па міжнародных тэхналогіях, захоўваючы ўласныя рэцэптуры. За мяжу пастаўляюць не толькі хлеб ці сушкі - нават эклеры!

Кандытар Святлана Аляшкевіч 15 гадоў фантазіруе над аздабленнем тартоў. І калі раней кандытарскія вырабы ўпрыгожвала сметанковым крэмам і суфле, сёння перавагу аддае масціцы, з якой можна эксперыментаваць.

Тарты вясельныя, дзіцячыя і віншавальныя - больш за 15 відаў бісквітных пачастункаў прапаноўвае сталічнае прадпрыемства. Навінка гэтага сезона - дэкор з кветкавых кампазіцый. Дарэчы, цукровыя ружы і лілеі ядомыя. Такія эксклюзіўныя тарты гатуюць пад заказ. Кошт салодкага падарунка залежыць ад складанасці яго аздаблення і вагі.

Сталічныя хлебазаводы пашыраюць асартымент прадукцыі, каб задаволіць патрэбы самых патрабавальных спажыўцоў. Мадэрнізацыя цэхаў і выкарыстанне новых тэхналогій дазваляюць гэта рабіць.