Стаўка рэфінансавання захаваецца на цяперашнім узроўні да канца года

27 сентября 2016

Такі прагноз Нацыянальнага банка, заявіў сёння намеснік старшыні праўлення фінансавай установы на прэс-канферэнцыі, прысвечанай падпісанню двух крэдытных пагадненняў паміж Белінвестбанкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Нагадаем, што за гэты год стаўка рэфінансавання змянілася з 25 да 18%. Пры гэтым толькі летам яна зніжалася двойчы.

Сяргей Калечыц, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі: "Сітуацыя сёлета на асноўных сегментах фінансавага рынку - на валютным, на дэпазітным - дазволіла нам правесці зніжэнне стаўкі больш істотнымі тэмпамі, чым прагназавалася. Таму, зразумела, мы пытанне разглядаць перыядычна будзем. Але сёлета з улікам усіх фактараў (маё меркаванне) той узровень стаўкі, які ёсць зараз, да канца года будзе ўяўляцца дастаткова адэкватным".

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Белінвестбанк сёння падпісалі крэдытнае пагадненне на 8 мільёнаў еўра па праграме фінансавання ўстойлівай энергетыкі для Беларусі і крэдытнае пагадненне на 2 мільёны еўра на фінансаванне праграмы "Жанчыны ў бізнесе".