Стварэнне дзяржкарпарацыі сельгасмашынабудавання: вывучэнне пытання на вытворчых пляцоўках

19 февраля 2021
Актыўна абмяркоўваецца зараз і пытанне аб стварэнні дзяржкарпарацыі сельгасмашынабудавання. Яно паднімалася і на Усебеларускім народным сходзе, а таксама прапісана ў асноўных палажэннях праграмы развіцця на пяцігодку. Урад дэталёва вывучае пытанне непасрэдна на вытворчых пляцоўках. 

Сёння  гэтая тэма гучала і на Бабруйскаграмашы падчас рабочай паездкі прэм'ер-міністра ў рэгіён. Усе падрабязнасці - у Святланы Лук'янюк. 

Касілкі, прэспадборшчыкі і тэхніка для нарыхтоўкі і раздачы кармоў. Усе гэтыя механізмы збіраюць тут, на Бабруйскаграмашы. Так, ёсць свой пакупнік і не толькі ў краіне. Але на экспартных рынках канкурэнцыя ўзмацняецца. Каб не страціць іх, абнаўляюць лінейку тавараў. Навінак становіцца больш. Калі ў 2019 годзе гэта было 10 працэнтаў, то ў мінулым - 16. Па дзяржпраграме развіцця машынабудавання  абнаўляюць і абсталяванне. 

Вялікая мадэрнізацыя

Некалькі гадоў  таму здавалася - са страт не выбрацца. Але дзяржпадтрымка  дала станоўчы вынік. За два гады даход практычна патроіўся. У холдынгу - 6 прадпрыемстваў. Наперадзе - новы інвестпраект на 5 гадоў. Кошт -  20  мільёнаў рублёў. На мадэрнізацыю, якая ўжо ідзе.  Пасля яе завяршэння  разлічваюць павялічыць на трэць аб'ёмы вытворчасці.

Новыя рынкі для беларускай сельгастэхнікі

Сёння аб гэтым гаварылі на прадпрыемстве прэм'ер-міністру. У партфелі краін-пакупнікоў - больш за паўсотню рынкаў. Так, ільвіная доля, звыш 80%, адгружаецца ў Расію. Але сёлета тэхніку плануюць прапанаваць Турцыі, Нарвегіі і Мексіцы. А таксама вярнуцца на рынкі Балгарыі, Румыніі і Польшчы. Але галоўнае - не павялічваць пазыковыя абавязацельствы і павышаць прадукцыйнасць працы, адзначае кіраўнік урада. І, вядома, правільна ўкладваць у тэхпераўзбраенне.

Абмяркоўваецца стварэнне дзяржкарпарацыі сельгасмашынабудавання

Для таго каб адшукаць рэзервы для далейшага развіцця, абмяркоўваецца стварэнне дзяржкарпарацыі. Узважваюцца ўсе за і супраць. На гэта трэба некалькі месяцаў. А далей - стварэнне нарматыўнай базы.

Перазагрузка пад запыты рынку

Аб тым, як трэба хутка перабудоўвацца пад запыты рынкаў, гаварылі ў Бабруйскай друкарні Непагодзіна. Раней тут друкавалі ў асноўным бланкі, талончыкі і білеты. Але з прыходам лічбавых тэхналогій попыт на папяровую прадукцыю падае. Друкарня здолела знайсці новую нішу, якая займае ўжо больш як палову аб'ёму вытворчасці, - пакаванне для харчовых прадуктаў у асноўным сваіх вытворцаў. І справа пайшла, праўда, канкурэнтаў  нямала.

Новы інвестпраект

Зараз манціруюць лінію для водціску электроннага кода, які шырока ўжываецца пры маркіроўцы тавараў у ЕАЭС. У заказчыках - ужо Расія. Разлічваюць, што гэты інвестпраект акупіцца за 2-3 гады.