Сумесная прэзентацыя прамысловага патэнцыялу Беларусі і Японіі прайшла ў Маскве

10 Чэрвеня 2015

Сумесная прэзентацыя прамысловага, тэхналагічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу Беларусі і Японіі прайшла сёння ў Маскве. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў і больш за 30 прадстаўнікоў японскіх кампаній. Галоўная мэта - развіццё ўзаемадзеяння дзвюх краін у гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і вытворчай галінах. Бакі маюць намер абмеркаваць перспектыву вытворчай кааперацыі. І ўжо ў ліпені Беларусь наведае прадстаўнічая бізнес-дэлегацыя з Японіі.

Тыкахіта Харада, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве): "Паміж нашымі краінамі развіваецца палітычнае супрацоўніцтва, але калі паглядзець на эканоміку, то тавараабарот застаецца на нізкім узроўні. У Беларусі працуе ўсяго 7 японскіх кампаній. І ўдзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе павінен даць стымул да змены такой сітуацыі".

Па выніках мінулага года тавараабарот Беларусі і Японіі склаў $244 млн. І гэта толькі пачатак двухбаковых перспектыўных адносін, адзначылі на прэзентацыі.