Супрацоўніцтва Беларусі і Чалябінскай вобласці абмеркавалі ў Мінску

19 декабря 2019
Сумесная зборка аўтобусаў, пастаўкі беларускіх ліфтаў у Чалябінскую вобласць, вопыт нашага горадабудаўніцтва, горны турызм і прамыя авіязносіны - усе гэтыя тэмы абмеркавалі сёння ў Мінску  на рабочай групе па супрацоўніцтве з расійскім рэгіёнам. Планы, у тым ліку і па росце ўзаемнага гандлю, замацавалі подпісамі пад пратаколам. Чалябінская вобласць - асноўны пастаўшчык сыравіны для нашага машынабудавання і ў ліку пакупнікоў ужо гатовых трактароў і машын. 

Уладзімір Калтовіч, Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі: "Сёння мы падпісалі пратакол. Гэта рабочы пратакол, які адлюстроўвае тыя праблемныя пытанні, шляхі іх вырашэння, якія стаяць сёння ў галіне паставак тэхнікі, у галіне паставак сыравіны, у галіне паставак сельскагаспадарчага абсталявання, замены і рамонту ліфтавага абсталявання, што з'яўляецца для нас актуальным.  Праграмы замены ліфтаў у Чалябінскай вобласці ў колькасці больш за  3 тысячы адзінак з'яўляюцца добрым заказам для Магілёўліфтмаша".

Тавараабарот пакуль невысокі, за 10 месяцаў - менш за 300 мільёнаў долараў, але ўсе прававыя інструменты для актыўнага бізнесу  створаны.
Дэталёва аб дзелавых праектах гаварылі на бізнес-форуме з удзелам кіраўнікоў і топ-менеджараў вядучых прадпрыемстваў-экспарцёраў Беларусі і Расіі. Таксама ў праграме візіту расійскай дэлегацыі  перамовы на МТЗ, МАЗе і Белкамунмашы.