Адбыўся адкрыты дыялог прадстаўнікоў Віцебскага саюза наймальнікаў і дзяржкантролю

10 октября 2015

Дзяржкантроль і віцебскія наймальнікі абмеркавалі, як павялічыць экспарт і павысіць канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі. Такі адкрыты дыялог ладзіўся ўпершыню. Скарачэнне продажу і рост дэбіторскай запазычанасці - сёлета даволі вострыя пытанні. Але ёсць і тыя, хто праблемы з экспартам вырашае паспяхова. Падрабязней - наш віцебскі карэспандэнт Артур Смалякоў.

"Як павялічыць экспарт?". Менавіта гэтая тэма стала галоўнай падчас размовы прадстаўнікоў Віцебскага саюза наймальнікаў і дзяржкантролю. Такі адкрыты дыялог па вырашэнні пытання за адным сталом спецыялісты распачалі ўпершыню. Продаж за мяжу скараціўся, а тут яшчэ і праблема запазычанасцей гандлёвых партнёраў паўстала. Магчымы выхад - страхаванне экспартнай рызыкі.

Рэгіянальны саюз наймальнікаў нават стварыў спецыяльны банк даных для двухбаковага супрацоўніцтва. Зараз ён налічвае каля 60 абласных прадпрыемстваў. І першы ў гэтым спісе завод "Маналіт", які мадэрнізацыя і сучасны менеджмент ператварылі з эканамічнага аўтсайдара ў прыбытковага вытворца. На экспарт ідзе 98% прадукцыі.

На заводзе ўпэўнены, новая прадукцыя зэканоміць краіне мільёны долараў. Хутка вытворчасць абмежавальнікаў перанапружання і палімерных ізалятараў паставяць на паток. Гэтыя прылады ахоўваюць электраабсталяванне ад навальніцы. Прымяненне - ад трамвайных ліній да буйных электрастанцый. А ўсе камплектуючыя робяць тут жа, на віцебскім заводзе.

Раней такія вырабы выпускалі ў керамічным пакрыцці. На прадпрыемстве распрацавалі больш бяспечнае, палімернае на гумавай аснове.

Новая прадукцыя ўжо прайшла ўсе выпрабаванні, хутка пачнецца серыйная вытворчасць. Штогод краіна купляе ізалятары за мяжой і выдаткоўвае на гэта мільёны долараў. Сваім ноу-хау на прадпрыемстве плануюць заняць не толькі ўнутраны, але і знешні рынак.