Здыманне бар'ераў і фарміраванне агульных рынкаў - лейтматыў учорашняга пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

7 декабря 2018

Здыманне бар'ераў і фарміраванне агульных рынкаў. Гэта лейтматыў учорашняга пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу.

Выступленне беларускага лідара на саміце было вельмі шчырым. Аляксандр Лукашэнка прынцыпова выказаўся пра нявырашаныя пытанні і праблемы ў саюзе. Для еўразійскай інтэграцыі 2018 стаў неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункта погляду. Сярод пазітыўных дасягненняў Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначае ўваходжанне ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС, даванне Малдове статусу назіральніка. Дзяржавы - удзельнікі саюза таксама падпісалі часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам, і пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем. Тым не менш застаюцца важныя пытанні, якія дагэтуль нявырашаныя. Праца па ліквідацыі бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў на рынку ЕАЭС ідзе вельмі марудна.

Акрамя здымання бар'ераў у гандлі, марудна прасоўваецца фарміраванне агульных рынкаў газу і нафты. Перспектыва рашэння гэтага пытання - 2025 год. Наша краіна настойвае на выкананні ўсіх дамоўленасцяў. На пасяджэнні ў вузкім складзе Аляксандру Лукашэнку прыйшлося цвёрда абараняць беларускія інтарэсы: палеміка з Уладзімірам Пуціным была наконт цэн на энерганосьбіты. Той жа тарыф на прапампоўку газу для сваіх у Расіі - 1 долар, для Беларусі – амаль 3. Атрымліваецца, што ў суседзяў Магілёва і Смаленска, паміж якімі ўсяго 200 кіламетраў, аптовыя цэны на газ адрозніваюцца ў 2 разы. У выніку няроўная канкурэнцыя. Гэта ідзе насуперак прынцыпам агульнага саюзнага рынку. Прэзідэнт Расіі, гаворачы пра цэнаўтварэнне на газ, вырашыў параўнаць саюзніцкую Беларусь з ФРГ.

Пасля пасяджэння на палях саміта Кіраўнік беларускай дзяржавы даў кароткае інтэрв'ю расійскім журналістам. У Санкт-Пецярбургу фактычна атрымалася вырашыць праблему прызначэння генеральнага сакратара АДКБ. На гэтую пасаду будзе прызначаны беларускі прадстаўнік. Таксама Аляксандр Лукашэнка анансаваў асобную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным неўзабаве.