Паніжэнне якасці расійскай нафты аказвае негатыўны ўплыў на беларускія НПЗ

20 апреля 2019

Беларускія НПЗ б'юць трывогу. Праблема ў няякаснай нафце, якая апошнім часам стала паступаць з Расіі. Гэта негатыўна адбіваецца на працы нашых перапрацоўчых прадпрыемстваў у Мазыры і Наваполацку. Абодва НПЗ зараз завяршаюць глабальную мадэрнізацыю.

Усе падрабязнасці ў Аляксея Марцінёнка. Не біць паклоны пастаўшчыкам і хадзіць з працягнутай рукой, а працаваць з сусветным рынкам нафты і атрымліваць свой прыбытак. Для гэтага як мага хутчэй завяршыць мадэрнізацыю двух найбуйнейшых НПЗ краіны. Гэта даручэнне Прэзідэнта падчас Паслання народу і парламенту прагучала практычна сінхронна з трывожнымі сігналамі ад нафтаперапрацоўшчыкаў. Па "Дружбе" замест якаснай вуглевадароднай сыравіны пачаў паступаць сурагат з утрыманнем хлору, які перавышае норму ў дзясяткі, а то і сотні разоў. З усімі выцякаючымі.

Да Наваполацка няякасная нафта дайсці пакуль не паспела, занадта далёка. Ледзь менш выгадная лагістыка тут пакуль ратуе. Але загрузку "Нафтана" ўжо знізілі напалову і рыхтуюцца сустракаць "атрутную" хвалю. Паводле разлікаў спецыялістаў, яна дойдзе да завода ў ноч з нядзелі на панядзелак. А ў Мазыры ўжо расхлёбваюць наступствы ад некандыцыйнай сыравіны. Яе аналіз выявіў хлорарганічныя злучэнні. Звычайна такія прымешкі ўваходзяць у склад пестыцыдаў і, безумоўна, шкодныя і для здароўя чалавека, і для індустрыі перапрацоўкі.

У Мазыры ў самыя кароткія тэрміны струмень няякаснай нафты перанакіравалі ў бяспечнае рэчышча і адрэзалі ад спажыўца. Так што, на якасці паліва форс-мажор не адбіўся. Для выратавання рэпутацыі пастаўшчыкоў магутнасці Белнафтахіма ў гэтыя гадзіны працуюць, як фільтр.

У расійскай Транснафце прызналі праблемы з якасцю і паспяшаліся засведчыць, што ў пачатку наступнага тыдня выправяць сітуацыю. Але як гэта кампенсуе ўжо панесеныя выдаткі? Бо "звязанымі адной трубой" і бядой апынуліся не толькі беларусы. Польшча, Германія, Славакія, Венгрыя, Украіна - усіх замежных аператараў нафтаправода "Дружба" беларускі бок ужо папярэдзіў аб небяспецы. А пакуль ацэньвае свае страты.