Слуцкія хлебаробы правялі своеасаблівую рэпетыцыю «Дажынак»

14 августа 2019

Слуцкія хлебаробы - адны з лідараў па намалоце ў рэгіёне - правялі своеасаблівую рэпетыцыю "Дажынак".

У перыяд актыўнай уборкі толькі ўвечары на захадзе сонца у камбайнераў, вадзіцеляў, аграномаў з'яўляецца крыху вольнага часу. І яго вырашылі правесці з карысцю. Падтрымаць перадавікоў жніва падчас такога напружанага перыяду прыехала заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева. Імправізаваную сцэну пад адкрытым небам зрабілі на толькі што ўбраным полі, а замест лавак паслужылі цюкі з саломай. Паслухаць песні ў жывым выкананні з'ехаліся аграрыі з усяго раёна - разам з сем'ямі. Оpen-air атрымаўся!

Дарэчы, менавіта Слуцкі раён ужо некалькі гадоў запар паказвае самы высокі намалот ва ўсёй вобласці. Сёлета нават нягледзячы на капрызы прыроды, свой высокі тэмп збаўляць не плануюць.

У бліжэйшыя дні Белгідрамет прагназуе даждлівае надвор'е. Гэта ўскладніць уборку збожжавых. Але вільгаць у глебе толькі паспрыяе добраму ураджаю позніх сельгаскультур - кукурузы, бульбы, караняплодаў і траў.