Колькі трэба беларусам блакітнага паліва, каб сагрэцца

25 октября 2017

У Беларусі ўжо адчуваецца подых зімы. У найбліжэйшыя суткі, згодна з прагнозамі сіноптыкаў, убачым і першы снег. Але халады нам не страшныя. Падземныя сховішчы практычна поўнасцю запоўнілі прыродным газам. Створаны і аператыўны рэзерв вуглевадароднай сыравіны, каб нават у перыяд пікавых нагрузак гэтай зімой у дамах і кватэрах беларусаў было цёпла. Не змерзнуць і заходнія суседзі. Па газаправодзе Ямал - Еўропа, які праходзіць і праз нашу краіну, штодня транспартуюць каля 100 мільёнаў кубаметраў вуглевадародаў. Дык колькі трэба беларусам блакітнага паліва, каб сагрэцца? Падземныя сховішчы ўбачыў Аляксандр Харавец.

Самае маладое і самае ўнікальнае. Мазырскаму падземнаму газасховішчу 10 гадоў. Яно пабудавана ў адкладах каменнай солі, таму з'яўляецца адным з самых эфектыўных і надзейных месцаў захоўвання прыроднага газу. Яго запампоўванне, дарэчы, тут ужо скончылі. Зараз вядуць падрыхтоўку для адбору газу ў зімовы перыяд.

Менавіта падземныя газасховішчы забяспечваюць бесперабойнае паступленне блакітнага паліва незалежна ад ваганняў тэмпературы або форс-мажорных сітуацый. Гэта своеасаблівы акумулятар - у цёплы час года назапашвае лішкі газу, у халодны аддае. Сёння тут пад зямлёй захоўваецца больш за 300 мільёнаў кубаметраў прыроднага газу. Гэтага хопіць, каб забяспечваць цяплом Гомельскую вобласць на працягу двух тыдняў.

І такіх рэзервуараў у краіне яшчэ два - Асіповіцкае і Прыбугскае. Поўнасцю завяршыць запампованне газу плануюць да сярэдзіны лістапада. І калі сёння падземныя сховішчы ўмяшчаюць каля мільярда кубаметраў, то ў найбліжэйшай перспектыве іх аб'ёмы збіраюцца павялічыць на траціну.

Беларусь выконвае абавязацельствы і па дастаўцы паліва заходнім суседзям. Па газаправодзе Ямал - Еўропа пастаўляюць траціну ад неабходнага запасу.

Гэтыя агрэгаты адказваюць за бесперабойны транзіт блакітнага паліва з Расіі ў Еўропу. Тут вуглевадароды сціскаюць і падаюць у магістральны газаправод. За суткі кампрэсарная станцыя здольная перапампоўваць каля 100 мільёнаў кубаметраў газу.

Усяго на тэрыторыі краіны знаходзяцца пяць кампрэсарных станцый. Іх асноўная задача - падтрымліваць аптымальны ціск у магістральным газаправодзе.

Газатранспартная сістэма ў Беларусі ўключае амаль 8 тысяч кіламетраў магістральных ветак. За бесперабойнай пастаўкай блакітнага паліва сочаць кругласутачна, каб нават падчас самых лютых маразоў цёпла было ў кожным доме.