Цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа звяжуць сталіцу і Гомель

10 февраля 2016

Цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа звяжуць сталіцу і Гомель. Такі праект ужо сёлета рэалізуюць прадпрыемства "Штадлер Мінск" і Беларуская чыгунка.

Пра гэта сёння заявілі на заводзе ў Фаніпалі, дзе збіраюць электрацягнікі фармату інтэрсіці. Якія інвестыцыі паступяць у Мінскую вобласць ад швейцарскай кампаніі і дзе яшчэ запатрабаваны сучасны транспарт?

Аляксей Кандраценка з падрабязнасцямі.

Сучасныя тэхналогіі і аддача ад інвестыцый. Вытворчасць электрацягнікоў на заводзе "Штадлер Мінск" - прыклад таго, як эканоміка ў прамым сэнсе пераходзіць на інавацыйныя рэйкі. Для зборкі аднаго вагона патрэбна 5 месяцаў. За ўвесь жа час працы (а гэта практычна тры гады) "Штадлер" выпусціў 26 адзінак транспарту. Самы вялікі і пакуль асноўны заказ - маскоўскі праект "Аэраэкспрэс".

Сяргей Карповіч, галоўны тэхнолаг ЗАТ "Штадлер Мінск": "Гэта першы такі цягнік з такім дызайнам і маштабам. Ён зроблены па патрабаваннях ДАСТу. Такіх цягнікоў пакуль ніхто не рабіў. Ён шырэйшы, вышэйшы, у ім больш прасторы".

Сёння геаграфія продажу "Штадлер Мінск" ад Расіі рухаецца на Усход.

Экспартны варыянт электрацягніка - вось такая мадэль. Залацісты тон тут шмат у чым сімвалізуе і заказчыка - Азербайджан нярэдка называюць краінай агнёў.

5 такіх саставаў ўжо калясяць па азербайджанскіх дарогах, у перспектыве іх колькасць падвоіцца.

Філіп Брунер, генеральны дырэктар ЗАТ "Штадлер Мінск": "Яны там з часу Еўрапейскіх гульняў. І зараз у нас ёсць два цягнікі, якія мы паставім у гэтым ці наступным месяцы. Таксама мы яшчэ гатовыя паставіць дадаткова пяць цягнікоў сёлета ці ў наступным годзе".

Машынабудаўнічыя навінкі хутка з'явяцца і на Беларускай чыгунцы. Два цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа з рамантычнай назвай "Флірт" звяжуць сталіцу з Гомелем.

Філіп Брунер, генеральны дырэктар ЗАТ "Штадлер Мінск": "Ёсць таксама праекты па будучай электрыфікацыі ў напрамку Брэста і літоўскай мяжы. І мы спадзяёмся, што зможам паставіць яшчэ больш цягнікоў "Флірт" для Беларускай чыгункі".

Сёлета "Штадлер Мінск" інвесціруе ў тэхнічнае абсталяванне прадпрыемства больш за 3 мільёны еўра. У планах - вытворчасць гарадскіх трамваяў. Прататып мадэлі "Мяцеліца" ўжо тэсціруюць ў Расіі. Акрамя таго, кампанія "Штадлер" гатовая ўдзельнічаць і ў тэндары на закупку вагонаў цягнікоў для Мінскага метрапалітэна.