Ваўняныя коўдры і падушкі замест валёнак

8 декабря 2017

Калі вытворчасць прадукцыі залежыць ад надвор'я. Беларусы з кожным годам менш набываюць валёнкі. Асноўная прычына - даволі цёплыя зімы.

На Смілавіцкай фабрыцы па вырабе цёплага абутку вырашылі перапрафіляваць дзейнасць. І сёння прадпрыемства разам з валёнкамі выпускае ваўняныя коўдры і падушкі. Аляксандр Харавец працягне тэму.

Для вырабу традыцыйнага абутку на гэтай фабрыцы выкарыстоўваюць воўну з Казахстана, Туркменістана, Таджыкістана і нават Аўстраліі. Паводле слоў Святланы Галубовіч, за змену тут выпускаюць амаль 100 пар абутку. Працэс вытворчасці валёнак працаёмкі - ён уключае ў сябе каля 40 аперацый, механізаваны толькі некалькі з іх, астатнія - гэта ручная праца.

Сёлета на прадпрыемстве плануюць выпусціць амаль 70 000 пар, што на траціну менш як летась. У асартыментным пераліку каля 30 пазіцый. Навінка гэтага сезона - валёнкі-берцы, якія распрацавалі спецыяльна для вадзіцеляў вялікагрузаў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Першую партыю ўжо ацанілі ўкраінцы.

Аднак страчваць пазіцыі на рынку кіраўніцтва прадпрыемства не збіраецца. Зараз усе сілы кінулі на пашыў ваўняных коўдраў, падушак і камізэлек. Працуюць на тры змены. Зараз заканчваюць выконваць чарговы заказ на сем тысяч коўдраў.

Дарэчы, воўна на пашыў коўдраў - выключна беларуская. За змену на прадпрыемстве шыюць амаль 200 адзінак. У асноўным смілавіцкія ваўняныя вырабы трапляюць на ўнутраны рынак.

У залежнасці ад шчыльнасці воўны на прадпрыемстве выпускаюць 4 віды коўдраў. Як кажуць вытворцы, пад такім пледам узімку можна хутка сагрэцца, а ў спёку, наадварот, астудзіцца. Таму што натуральныя матэрыялы выдатна прапускаюць паветра.

А служыць такая коўдра або падушка можа не менш за 10 гадоў. Зрэшты, з надыходам сапраўдных халадоў на фабрыцы зноў гатовыя нарасціць вытворчасць валёнкаў.