"Сфера нацыянальных інтарэсаў". Стратэгічнае супрацоўніцтва з Кітаем

30 апреля 2018

Новыя здзяйсненні чакаюць і "Вялікі камень". Індустрыяльны парк папаўняе спіс сваіх рэзідэнтаў. Сёлета іх можа стаць 40. Дынаміка плюс сем да кампаній з Беларусі, Кітая, Еўропы і ЗША. Ідзе актыўнае стварэнне інфраструктуры. Ужо пабудаваныя гасцініца, гандлёва-выставачны і офісны цэнтр, лагістычны хаб. Кіпіць праца і на прамысловых аб'ектах. Завяршыць будаўніцтва заводаў сёлета плануюць каля 10 рэзідэнтаў - гэта вытворцы высокатэхналагічнай інавацыйнай прадукцыі. Галоўная задача - прытрымлівацца прынцыпу эканамічнай эфектыўнасці і максімальна выкарыстаць патэнцыял "Усходняга партнёрства". На гэтым зрабіў акцэнт і Кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Сфера нацыянальных інтарэсаў - стратэгічнае супрацоўніцтва з Кітаем.

Надзея Сербіненка працягне. У "Вялікім камені" ўжо трыццаць тры рэзідэнты. Кампаніі з сусветнымі імёнамі прадстаўляюць розныя сферы. Гэта вытворцы беспілотных аўтамабіляў, сонечных батарэй, суперкандэнсатараў, медыцынскага абсталявання. Калі буйныя карпарацыі са шматмільённым капіталам гатовыя ўзвесці ўласны завод, то невялікія кампаніі змогуць размясціць неабходнае абсталяванне, арганізаваць зборачны цэх ва ўжо гатовым будынку.

Зараз мы знаходзімся на будаўнічай пляцоўцы двух вытворчых карпусоў. Вось гэты аб'ект будзе гатовы праз два месяцы. А тут, праз дарогу, будуецца такі ж комплекс. Зараз тут вядуцца работы па ўладкаванні падмурка, а ўведзены ў эксплуатацыю ён будзе ў верасні. У такіх карпусах рэзідэнты парка змогуць размяшчаць свае вытворчасці.

У першых двух вытворчых карпусах плошчы ўжо разабраныя рэзідэнтамі.

Аблічча парка змяняецца імкліва. Асабліва зараз, калі пачалося добраўпарадкаванне тэрыторыі. Каля адміністрацыйнага будынка высадзілі яблыневы сад, а ўздоўж галоўных праспектаў парка: Мінскага, Пекінскага - зараз будуць расці спірэі і кізільнік.

Тэрыторыя парка таксама пашыраецца. Там, дзе раней быў лясны масіў, зараз будаўнікі пракладваюць інжынерныя сеткі і дарогі.

Выкарыстаць канструктыўны патэнцыял "Усходняга партнёрства" - такі акцэнт у сваім штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу зрабіў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем павінна быць нацэлена на рэалізацыю пэўных праектаў. А дзякуючы ўстанаўленню давернага партнёрства наша краіна ўжо некалькі гадоў з'яўляецца актыўным і раўнапраўным удзельнікам ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях".

Дынамічнае развіццё традыцыйных і новых галін дазволіць нам заняць годнае месца ў глабальных працэсах і не застацца ў ролі пасіўных удзельнікаў.

"Вялікі камень" - аб'ект унікальны, але пакуль на пачатковым этапе станаўлення. Адміністрацыя "Вялікага каменя” правяла вялікую падрыхтоўчую працу. А зараз надышоў час, калі актывізавацца павінны зарэгістраваныя рэзідэнты.

Як у любым новым горадзе, у "Вялікім камені" ўжо ёсць дарогі, свая гасцініца, офісы. А неўзабаве з'явіцца і першы жылы дом, арэндны, на 150 кватэр. Яго будаўніцтва пачнецца праз некалькі месяцаў.