"Сфера нацыянальных інтарэсаў". Праблемы Еўразійскага рынку

5 мая 2018

Пошуку пунктаў росту нацыянальнай эканомікі была прысвечана нарада з удзелам Кіраўніка дзяржавы на гэтым тыдні, а яшчэ раней падчас штогадовага Паслання да народа і парламента Прэзідэнт вызначыў яшчэ адно з пытанняў, на якое варта звярнуць увагу: гнутка рэагаваць на рыначную кан'юнктуру і цэнаўтварэнне. Задача пастаўлена перад Міністэрствам гандлю і антыманапольнага рэгулявання, у кампетэнцыі якога і адстойванне нацыянальных інтарэсаў ужо ў рамках інтэграцыйных структур. Рынак ЕАЭС - гэта вялікія магчымасці або галаўны боль вытворцаў, канкурэнцыя і роўны доступ або бар'еры і абмежаванні? Вырашэнне спрэчных пытанняў разам або гульня ў адны вароты? Час ад часу гэтыя пытанні ўзнімаюць вытворцы, якія напрамую сутыкаюцца з не для ўсіх аднолькавымі правіламі гульні, а некаторыя проста не ведаюць, як правільна адстойваць свае інтарэсы на гэтай інтэграцыйнай пляцоўцы. Адказы на гэтыя пытанні гатовыя даць у канцы мая ў Мінску. Праблемы Еўразійскага рынку - тэма нашай пастаяннай рубрыкі "Сфера нацыянальных інтарэсаў".

Расказвае Святлана Лук’янюк.

Гэта магілёўскі "Магатэкс". Сучаснае абсталяванне тэкстыльшчыкі купілі не без дапамогі дзяржавы. Укладзеныя грошы, а гэта мільёны долараў, павысілі якасць тканіны і попыт на экспартных рынках. Галоўны з іх - ЕАЭС. Ільвіная доля ідзе ў Расію. Там цесныя сувязі з абаронным комплексам. Але сёлета яны пачалі слабець.

За месяц адгэтуль выходзіць да 3 мільёнаў пагонных метраў тканіны. Чвэрць экспартавалі расіянам. Былі найбуйнейшым у ЕАЭС прадпрыемствам гэтай сферы, але сітуацыя пачала змяняцца. Змагацца за сваё месца ўсё цяжэй.

Рынак ЕАЭС - гэта больш за 175 мільёнаў чалавек. Тэрыторыя - 20 мільёнаў квадратаў. Беларусь, Расія, Казахстан, Арменія і Кыргызстан. Ён вырас калісьці з Мытнага саюза і ствараўся, як добрая магчымасць для вытворцаў прапанаваць свой тавар за тысячы кіламетраў ад дома.

А для спажыўцоў - багатыя паліцы магазінаў і выбар. Але трапіць у нішу пакуль могуць не ўсе.

Уладзіслаў Шчэпаў, Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Тыя прадпрыемствы, якія сталі на канкурэнтаздольнае развіццё і ўкладвалі сродкі ў навучанне персаналу, і маюць кваліфікаваны кіруючы склад, яны вытрымліваюць канкурэнцыю. Тыя ж прадпрыемствы, якія крыху адсталі, ім усё цяжэй і цяжэй канкурыраваць".

Аб працы беларускіх вытворцаў на рынку ЕАЭС мы гаварылі са старшынёй эканамічнай камісіі адразу пасля Паслання Прэзідэнта ў фае Авальнай залы. Вядома, на вялікі рынак трэба выходзіць і з якасцю, і з асартыментам, і з канкурэнтаздольнай цаной. Інакш на што разлічваць? Але часам нашы прадпрыемствы сутыкаюцца з адкрытымі перашкодамі.

Падчас Паслання Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць прадметнага разгляду назапашаных праблем. З-за іх руху наперад часта проста не бачна. Гэта ўсе тыя ж пытанні тэхрэгулявання, санітарных і ветэрынарных мер. Яны вырашаюцца павольна.

Самае складанае сёння для краін “пяцёркі” - знайсці баланс, залатую сярэдзіну агульнага і свайго нацыянальнага. На падпісаных дамоўленасцях усё выглядае пераканаўча. І імкненні да адзіных рынкаў сыравінных і таварных падтрымлівае кожны з бакоў. Але на практыцы адзіныя правы і магчымасці не заўсёды выконваюцца. І замест свабод нярэдка атрымліваем зусім іншую карціну, дзе абмежаванні і бар'еры.

Вырашаць спрэчкі "пяцёркі" закліканая Еўразійская эканамічная камісія. Ад яе правілы гульні і для прадпрыемстваў, і вердыкт па скаргах на нядобрасумленную канкурэнцыю. Кіраўнік камісіі выступае за павышэнне ролі наднацыянальнага органа. Іншымі словамі, каб апошняе слова было за ЕЭК у вырашэнні тых жа малочных і мясных спрэчак.

Тыгран Саркісян, Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі: "Наша інспекцыя магла б даць аб'ектыўную карціну і справу не даводзіць вось да такіх канфліктных сітуацый. Думаю, што праз паўтара-два гады ўжо калегія новага склікання можа атрымаць вось гэтыя паўнамоцтвы. Мне здаецца, што гэта будзе вельмі сур'ёзным крокам у кірунку паглыблення нашай інтэграцыі".

Сёння важна і ўцягнуць бізнес у інтэграцыйныя працэсы, каб яны адчулі смак той самай канкурэнцыі, маглі на роўных змагацца за пакупніка і па якасці, і па цане. Таму ўваходзіць і замацоўвацца на рынку трэба ў поўным узбраенні. Як лічаць у беларускім антыманапольным ведамстве, немалая роля адводзіцца менавіта павышэнню інфармаванасці бізнесу.

Нявырашаных пытанняў яшчэ хоць адбаўляй. І галоўны - роўны доступ тавараў на рынкі краін ЕАЭС, шмат белых плям і па дзяржзакупках, ёсць і лабіраванне інтарэсаў асобных кампаній, ды і пытанні з абмежаваннямі паставак заўсёды на слыху.

ЕАЭС раз-пораз скалынаюць спрэчкі гаспадарчыя, пераважна харчовага рынку. Гэта і зразумела, тут добрыя кавалкі прыбытку, улічваючы попыт на сыравіну ў перапрацоўшчыкаў, ды і на гатовы прадукт у пакупнікоў.

Адкрыць для некаторых з іх дзверы на рынак ЕАЭС гатова Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання. Упершыню рэгулятар па ініцыятыве Еўразійскай эканамічнай камісіі арганізуе для экспарцёраў грамадскую прыёмную 28 мая ў сценах ведамства.

Гэтыя пытанні абмяркуюць чыноўнікі і эксперты Еўразійскага эканамічнага саюза ў канцы мая ў Мінску на дзвюх пляцоўках - канферэнцыі па антыманапольным рэгуляванні ў ЕАЭС і на Міждзяржсавеце па антыманапольнай палітыцы СНД.