Сеялкі і дыскатары папоўнілі сельскагаспадарчы парк Віцебскай вобласці

7 апреля 2018

Сеялкі і дыскатары папоўнілі сельскагаспадарчы парк Віцебскай вобласці перад вясновымі палявымі работамі. Новыя ўзоры тэхнікі выпусціў Віцебскі маторарамонтны завод. Наперадзе - тэст-драйв на практыцы. На прадпрыемстве не сумняваюцца: на час сяўбы новая тэхніка значна палегчыць працу аграрыям. Марына Раманоўская - пра тэхнічны поспех добрага ўраджаю.

Некалькі дзён - і гэтыя агрэгаты пройдуць сур’ёзны тэст-драйв у полі. Новыя мадэлі сеялак і дыскатараў выпусціў Віцебскі маторарамонтны завод. Першая партыя была гатовая яшчэ ўзімку. Тэхніка адправілася ў Верхнядзвінскі і Віцебскі раёны. Цяпер працэс пастаўлены на паток. Тэхніка паступіла і ў іншыя гаспадаркі.

Віцебскі маторарамонтны завод - з паўвекавой гісторыяй. Спачатку ў гэтых майстэрнях займаліся толькі рамонтам. Справу працягваюць і зараз. Крыху больш за дзесяць гадоў таму на прадпрыемстве пачаўся новы этап: сельскагаспадарчую тэхніку і запчасткі пачалі выпускаць самі. Галоўны інжынер завода дэманструе адну з апошніх навінак. Сеялак менавіта такой мадэлі выпусцілі больш за восем дзясяткаў.

Трактары, сельгасмашыны, сеялкі. Каб забяспечыць высокую тэхналагічнасць сельгасвытворчасці, толькі ў мінулым годзе гаспадаркі паўночнага рэгіёна краіны набылі больш за тысячу адзінак тэхнікі. І зараз галоўная задача - пасеяць максімальна якасна і ў аптымальныя тэрміны. Як таго і патрабуе тэхналогія.

Новымі сеялкамі і дыскатарамі Віцебскага маторарамонтнага за два-тры гады плануюць забяспечыць усе гаспадаркі вобласці. На заводзе не сумняваюцца: падчас вясновых палявых работ такая тэхніка значна палегчыць працу аграрыяў.

Зусім хутка раніца аграрыяў будзе пачынацца ў полі. Дапамогуць і навучэнцы профільных каледжаў, а таксама спецыялісты з райцэнтраў. Пасяўная плошча ў паўночным рэгіёне - амаль восемсот тысяч гектараў. Палова адведзена пад збожжа.