Сяўба ранніх яравых збожжавых у Мінскай вобласці набліжаецца да фінішу

2 апреля 2014

На сёння сельгасарганізацыямі пройдзена ўжо 70 працэнтаў плошчаў. У лідарах Старадарожскі раён - ён справіўся першым. Побач Нясвіж і Чэрвень. Добрае надвор'е таксама дазваляе весці сяўбу і гародніны. Так, у Слуцкім і Валожынскім раёнах сеюць цукровыя буракі.


Планы аграрыяў сталічнага рэгіёну на гэты сезон вывучыў Аляксей Кандраценка. Такая тэхніка сябруе толькі з сапраўднымі мужчынамі. Механізатар Іван прыручыў новы трактар-асілак ??Беларус усяго за тыдзень. Энерганасычаная машына адпрацавала ў полі сем дзён запар па 20 гадзін. Тэмпы дыктуе надвор'е. У выніку з аграмарафонам ўдала справілася як тэхніка, так і людзі.


Гаспадарка Залужжа - адна з буйных у Старадарожскім раёне. Сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых тут ужо скончылі. Дарэчы, першай ў сталічным рэгіёне гэта зрабіла і ўся Старадорожчына. Зараз палі рыхтуюць для засялення іншымі культурамі.


Вясной у глебы прабуджаецца сапраўдны апетыт, таму важна своечасова ўнесці на поле арганіку і мінералы. На адзін гектар трэба прыкладна 70 тон такога сельскагаспадарчага харчавання.


Частка пасеваў - на збожжа: гэта будучы каравай. А вось ураджай з іншых палёў - на патрэбы жывёлагадоўлі. Кармоў хапае на ўвесь год. Нарыхтоўка шматгадовых бабовых траў, такіх, напрыклад, як люцэрна - сёлета адна са стратэгічных задач для ўсёй Мінскай вобласці.


Сяўба ранніх яравых культур у вобласці завершыцца ў найбліжэйшы тыдзень. У цэлым жа вясновыя палявыя работы чакаюць на фінішы да 1 мая.