Сяўба ранніх яравых культур працягваецца

8 апреля 2020
Аграрыі цэнтральнага рэгіёна завяршаюць сяўбу ранніх яравых культур з улікам кліматычных асаблівасцяў сёлетняга сезона. Так, у агракамбінаце "Ждановічы", каб глеба не перасыхала, яшчэ ў пачатку сакавіка на палях «закрылі вільгаць». Тэхналагічная аперацыя дазволіла ўтрымаць водны баланс у грунце - да насення без перашкод зможа паступаць кісларод і цяпло. На гэтых тэрыторыях зараз высяваюць ячмень. Каб правесці сяўбу ў максімальна кароткія тэрміны, і пры гэтым не парушаючы тэхналогій, працуюць на высокапрадукцыйных сеялках. Такая машына за дзень можа апрацаваць больш як сотню гектараў.

Раней за тэрмін сёлета пачнуць сяўбу кукурузы - культуры, максімальна ўстойлівай да засухі. Распачаць работы можна, як толькі глеба прагрэецца да неабходнай тэмпературы. Агракарту ў гаспадарцы таксама перагледзелі і плошчы пад кукурузу павялічылі, улічваючы высокую каштоўнасць кармоў.

Вялікую ўвагу ў гаспадарцы надаюць і вырошчванню гародніны - у цяпліцах ужо набірае сілу ранняя капуста айчынных сартоў.