Сеул гатовы і надалей развіваць супрацоўніцтва з Мінскам у сферы высокіх тэхналогій

18 октября 2017

Пра гэта ў кулуарах "Восеньскага фестывалю карэйскай культуры" заявіў пасол Паўднёвай Карэі ў Беларусі Кім Ёнг Хо. Дыпламат адзначыў, што культурныя сувязі - гэта трывалая аснова для развіцця двухбаковых адносін у іншых сферах. Сёлета Беларусь і Рэспубліка Карэя адзначаюць 25-годдзе наладжвання дыпадносін.

Кім Ёнг Хо, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі: "Наша супрацоўніцтва развіваецца ў вельмі дынамічнай атмасферы. Мы арганізоўвалі Дні карэйскага кіно, а ў жніўні ў Мінску прайшоў Дзень карэйскай культуры. У канцы тыдня на базе Парка высокіх тэхналогій мы правядзем конкурс на лепшы відэаролік аб Карэі, зроблены беларусамі. Дарэчы, у сферы інфармацыйных тэхналогій мы таксама вельмі актыўна супрацоўнічаем, паколькі ў плане развіцця IT-індустрыі Беларусь з'яўляецца перадавой краінай ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. У гэтай сферы ў нас вельмі трывалыя сувязі і мы маем намер іх развіваць".

У Мінск прыляцелі музыканты з калектыву "Пульсечхуль". Акрамя традыцыйных карэйскіх мелодый яны прывезлі ў беларускую сталіцу каверы на нашы народныя песні ў азіяцкім стылі.