Сэрца першага энергаблока накіроўваецца на Беларускую АЭС

10 декабря 2016

Апошняя галоўная цыркуляцыйная помпа для рэактарнага блока нумар 1С завода ЦКБМ пад Санкт-Пецярбургам была адгружана. Згодна з планамі, яна прыбудзе на пляцоўку будаўніцтва Беларускай  АЭС у панядзелак. Абсталяванне вагой  25 тон едзе праз Пскоў, Віцебск, Мінск і далей у Астравец. У пункце  адпраўлення каштоўнага грузу пабывала Ксенія Рабчынская.

25 тон і 4 месяцы на вытворчасць. Сэрца для першага энергаблока Беларускай АЭС  прайшло апошнія выпрабаванні на заводзе пад Санкт-Пецярбургам.
Для гэтага на прадпрыемстве пабудаваны спецыяльны выпрабавальны стэнд. Тут, гэтак жа як і падчас працы на станцыі, цэнтральная частка помпы робіць  1200 абаротаў за  хвіліну – што можна параўнаць з хуткасцю барабана пральнай машыны падчас адціску - толькі памеры несувымерныя.
На гэтым стэндзе праводзяцца выпрабаванні гатовага абсталявання. Так званую выемную частку галоўнай цыркуляцыйнай помпы апускаюць уніз, яна  пачынае пад вялікім ціскам пампаваць ваду. Паступова яе тэмпература павышаецца  прыкладна на 60 градусаў за гадзіну. Пакуль не дойдзе да 300. Выпрабаванні доўжацца тры дні і яны максімальна набліжаныя да рэальнай працы помпы.
За гадзіну помпа перапампоўвае 27 000 кубаметраў цепланосьбіта - гэта прыблізна 10 алімпійскіх басейнаў за 60 хвілін. Ціск - 160 атмасфер, менавіта таму вада 300 градусаў  не ператвараецца ў пар. Адразу чатыры  такія помпы астуджаюць адзін рэактарны блок. У Астравец адпраўляюць ужо пятую - яна фінальная ў  камплекце, запасная. Такія правілы.
Па маршруце Санкт-Пецярбург -  Пскоў - Віцебск -  Мінск - Астравец з гэтага завода адправіцца цэлая чарада аўтамашын.
І на гэтым, па сутнасці,  праца над асноўным абсталяваннем для першага энергаблока Беларускай АЭС на расійскіх прадпрыемствах атамнай галіны ўжо завершаная. У кастрычніку, нагадаем, з Валгадонска ў Астравец быў адгружаны корпус рэактара ўжо для другога энергаблока.
А з пачатку наступнага года на гэтай пляцоўцы пачнуць працу над яшчэ адной помпавай групай - гэта другі камплект.
Аляксандр Пархоменка, дырэктар філіяла АТ "ЦКБМ" дывізіёна "Атамэнергамаш":
"На сённяшні дзень дагавор абавязвае нас паставіць абсталяванне для другога блока ўжо ў трэцім квартале. Гарантыя працы нашай помпы  - 60 гадоў".
Такія  цыркуляцыйныя помпы пачалі выпускаць у Цэнтральным канструктарскім бюро машынабудавання ў 2002-м. З тых часоў  яны працуюць  на АЭС па ўсім свеце. У карце адгрузак: Цяньваньская АЭС у Кітаі, індыйская Куданкулам, атамная станцыя Бушэр у Іране і расійскія Новаваронежская і Ленінградская АЭС-2.