Семінар "Развіццё знешнеэканамічнага супрацоўніцтва з краінамі ЕC" праходзіць у Мінску

8 декабря 2014
Бізнес Еўрасаюза значна раней за палітыкаў убачыў у Беларусі стабільнага, устойлівага партнёра, пра што сведчыць нарошчванне экспарту ў краіны ЕС беларускіх вытворцаў. Гэта было заяўлена сёння на семінары "Развіццё знешнеэканамічнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрапейскага саюза". Зараз у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ствараецца адзіная сістэма падтрымкі прадпрымальніцтва і ўсталявання дзелавых кантактаў для трансмежнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі.

Уладзімір Улаховіч, намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "У нас плануецца стварэнне віртуальнай інфармацыйнай пляцоўкі, на якую прадпрыемствы беларускія могуць заходзіць, шукаць партнёраў, высвятляць іншыя пытанні. Атрымліваць актуальную і свежую інфармацыю, у тым ліку і пра тэндарныя закупкі, якія сёння будуць у Еўрапейскім саюзе".

Відмантас Вербіцкас, камерцыйны аташэ пасольства Літвы ў Беларусі: "Біяэнергетыка, энергетыка, якая аднаўляецца, перапрацоўка адыходаў, дрэваапрацоўка, у цэлым было падпісана мемарандумаў аб інвестыцыях на суму звыш двухсот мільёнаў еўра".

Беларусь і Літва ў гэты момант працуюць над стварэннем транспартна-лагістычнага ланцужка па дастаўцы грузаў у клайпедскі порт - найважнейшы вузел перапраўкі нашых тавараў на рынкі ЕС.