Сельгаспрадпрыемствы рыхтуюцца да пасяўной

2 марта 2015

Першыя дні вясны, а значыць - хутка пачатак пасяўной кампаніі. Патрабаванні да ўсіх сельгаспрадпрыемстваў канкрэтныя: 100-працэнтная гатоўнасць тэхнікі, насення і ўгнаенняў. Ацаніць узровень падрыхтоўкі да пасяўной у адну з гаспадарак Гомельскай вобласці разам з прадстаўнікамі дзяржкантролю адправіліся і карэспандэнты Агенцтва тэленавін. І высветлілі, што прыкладна 100 тон мінеральных угнаенняў захоўваюцца прама на вуліцы. І гэта прытым, што на іх набыццё выдаткаваныя немалыя грошы з бюджэту.

У праблеме разбіралася Вольга Халадовіч.

Чырвоныя ўгнаенні, белы снег і жоўты пагрузчык. У гонар прыезду нашай здымачнай групы аграхімікаты, якія два тыдні, паводле слоў працаўнікоў, нікому не перашкаджалі на вуліцы, вырашылі ўсё-такі перавезці на склад.

Тут угнаенні не проста захоўваюць пад адкрытым небам, але і змяшалі разам калійныя і азотныя. І зараз выканаць дакладную прапорцыю для занясення на палі немагчыма.

У гаспадарцы "Пірэвічы", праўда, наконт гэтага не хвалююцца. І працягваюць добрасумленна ўносіць угнаенні ў глебу.

Аляксандр Марусаў, в.а. галоўнага агранома ААТ "Пірэвічы": "Там невялікая колькасць, мы ў асноўным яго вывезлі. Усё з-за таго, што не хапала паліва, калі б хапала паліва, мы б, як у першыя дні, уносілі па 100 гектар на дзень, яго ўжо, вядома, тут не было б".

Чаму ўгнаенні наогул апынуліся на вуліцы, прытым, што ў Пірэвічах ёсць спецыяльныя склады для іх захоўвання? На гэтае пытанне зараз шукаюць адказы спецыялісты Камітэта дзяржкантролю.

Сяргей Гайкоў, галоўны спецыяліст Жлобінскага міжраённага Камітэта дзяржкантролю: "На пляцоўках знаходзілася больш за 100 тон на суму больш як 20 мільёнаў. Гэта вылучэнне з бюджэтных сродкаў спецыяльна на такія землі, у гэтай гаспадарцы пераважаюць чарнобыльскія землі, таму ўгнаенні ішлі з вобласці".

У сталічным рэгіёне з угнаеннямі ўсё таксама не зусім проста. Іх закуп сельгаспрадпрыемствы праводзяць толькі цяпер, але ўпэўніваюць, што запасных фондаў будзе дастаткова, каб экстранна правесці першы падкорм усіх зімавых культур. Напрыклад, толькі азотных угнаенняў вобласці неабходна 158 тысяч тон.

Рамонт тэхнікі, закуп насення і ўгнаенняў - усё гэта аграрыі павінны завяршыць ужо ў найбліжэйшы час. Каб потым - як толькі дазволіць надвор'е - выйсці на працу ў поле. Сёлета сяўбу збожжа плануюць завяршыць максімум за восем дзён.