Усяго ў цэнтральным рэгіёне нарыхтавалі каля паўмільёна тон другога хлеба. Сярод ўраджаю нямала і новых сартоў айчыннай селекцыі. Усе апошнія распрацоўкі нашы вучоныя напярэдадні прадэманстравалі ў аграгарадку Самахвалавічы. Тут адбыўся фестываль - кірмаш «Беларуская восень. Бульба. Плады. Агародніна». З чаго робяць пюрэ і чыпсы, ці можна клубні ёсць сырымі? Аляксей Кандраценка пра карысць праектаў беларускай аграрнай навукі.
Сярод нацыянальных сімвалаў гэты, мабыць, самы смачны і папулярны. А для жыхароў аграгарадка Самахвалавічы бульба яшчэ і аб'ект прафесійнай дзейнасці. Менавіта тут знаходзіцца НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. З гэтага часу ў вучоных-аграрыяў з'явіцца і новая інтэлектуальная пляцоўка.
Не толькі вырошчваць новыя сельгаскультуры, але і расці самім у сваёй прафесіі. Такі тэзіс спецыялістам галіны дапамагаюць ўвасабляць як навуковыя дасягненні, так і сваё жыллё. У распараджэнні агароднікаў - утульная новабудоўля.
45 сартоў бульбы, якія займаюць 75 % пасадак другога хлеба ва ўсёй Беларусі. Вынік шматгадовай працы НПЦ, які запатрабаваны на рынку. Сарты для пюрэ, бульбы фры і натуральных чыпсаў з суцэльнага клубня - далёка не поўны спіс рэалізацыі навуковых ідэй.
Вадзім Маханько, намеснік гендырэктара НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве: "30 гадоў таму большасць насельніцтва Беларусі любіла круглую бульбу з белай мякаццю, якая моцна разварваецца. Сёння ж 75 % беларусаў аддаюць перавагу бульбе з жоўтай мякаццю. А 10-15 % беларусаў любяць бульбу, якая наогул не разварваецца. Яе трэба рэзаць нажом. Хтосьці баіцца распаўнець ад бульбы, але магу вас запэўніць - ад бульбы не паўнеюць. Паўнеюць ад бульбы ў спалучэнні з вугляводамі, гэта значыць з мясам".
Сярод экспанатаў фестывалю-кірмашу клубні, багатыя антыаксідантамі. Іх, дарэчы, можна есці сырымі. Плюс бульба гэта і крэатыў. Нефарматны выгляд, вядома, не для гандлю, а для творчасці.
Сярод многіх відаў бульбы сорт «Здабытак» - сапраўдны сёлетні рэкардсмен. Напрыклад, вага такого клубня – 960 грамаў. Зрэшты, гэта далёка не мяжа для другога хлеба.
На кірмашы спажыўцоў больш цікавілі ўсё ж стандартныя прадукты. "Волат", "Скарб", "Зорачка", "Лад", "Лілея" - пры такой разнастайнасці гастранамічныя перавагі беларусаў не мяняюцца стагоддзямі.













