Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці рыхтуюцца да веснавой сяўбы збожжавых

12 марта 2020
Зараз тэхніка выконвае ў палях перадпасяўныя работы: барануе глебу, уносіць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Для гэтага ў цэнтральным рэгіёне больш як 1300 энерганасычаных трактароў. 

Аграномы ў сваю чаргу рыхтуюць рэчывы для актыўнага росту будучага ўраджаю. Пра старт аграсезона і яго перспектывы Аляксей Кандраценка.

Цэнная кожная кропля! Зіма без снегу адкарэкціравала рытм вясновых палявых работ. Зараз тэхніка барануе глебу: закрыццё вільгаці - момант, які нельга ўпусціць. 

Яўген Саліта, галоўны аграном эксперыментальнай базы "Свеклавічная": "Зараз у гаспадарцы праходзіць закрыццё вільгаці для таго, каб парушыць капіляры. Каб вільгаць не выпаралася, бо яе ў глебе вельмі мала. Літаральна праз дзве гадзіны пасля праходу культыватара глеба становіцца падсохлай. Уносіцца арганіка, потым яе заладка, уносім мінеральныя ўгнаенні".

Адначасова сельгаспрадпрыемствы строяць планы і на канец вясны. Нясвіжскі раён - землі, багатыя на ўраджай не толькі збожжавых, але і цукровых буракоў. Гэтая культура тут дае 500 і больш цэнтнераў з гектара. Яна любіць не толькі сонца і вільгаць, але і "салодкае на дэсерт" - спецыяльны біярэгулятар росту на аснове дражджэй. 

Сам рэгулятар росту выпускаюць на камбінаце у сталіцы. Ніякай хіміі, толькі біялагічна актыўныя рэчывы - просты, але эфектыўны прынцып, пра які ў свой час згадваў нават Якуб Колас у "Новай зямлі": "А буракі, гуркі, пятрушка - усяго-ўсяго, ну проста - страх! Усё там расце, як на дражджах".

Ірына Спірыдонава, галоўны тэхнолаг дражджавога камбіната: "Толькі меласа - гэта натуральная сыравіна, а таксама пажыўнае асяроддзе - азотнае і фосфарнае сілкаванне. Гэта значыць, дрожджы размножаюцца і назапашваецца біямаса. Там ёсць мікра- і макраэлементы: кальцый, магній, а ў асноўным амінакіслоты ўтрымліваюцца".

Беларускія дрожджы прыйшліся даспадобы і аграрыям суседніх краін. Сёння прадпрыемства павялічвае экспартныя пастаўкі у Расію. 

Юрый Дзяркач, намеснік гендырэктара дражджавога камбіната: "Заключаныя кантракты на пастаўку гэтага прэпарата ў сакавіку. Адгружаецца 20 тон. У красавіку таксама кантракт на 20 тон. Мы актыўна працуем з Бранскім аграрным універсітэтам, пад іх эгідай плануем пастаўкі дадзенага прэпарата ў рэгіёны Бранскай вобласці".

Аграрыі ж Мінскай вобласці сёння не губляюць ніводнага сонечнага дня: глебу рыхтуюць да сяўбы яравых культур. Гэтую работу выканаюць да сярэдзіны красавіка.