Сённяшні дзень VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прысвечаны дзелавому супрацоўніцтву

17 июля 2019

Агульная інфармацыйная прастора, новыя турыстычныя маршруты, супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. У Санкт-Пецярбургу працягваецца VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сёння да працы прыступяць эксперты, эканамісты і дэпутаты дзвюх краін. Запланавана падпісанне некалькіх пагадненняў аб супрацоўніцтве.

Падрабязнасці з Санкт-Пецярбурга ў Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Сённяшні дзень VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прысвечаны дзелавому супрацоўніцтву. У Таўрычным палацы Санкт-Пецярбурга збяруцца эканамісты, кіраўнікі прадпрыемстваў і бізнесмены. На парадку дня дзясяткі пытанняў - ад прамысловай кааперацыі да развіцця турызму. 

У рамках форуму пройдзе пасяджэнне дзелавых саветаў Беларусі і Расіі. Удзельнікі ўздымуць пытанні раўнапраўнага доступу суб'ектаў да рынкаў і дзяржзакупак дзвюх краін, разгледзяць дэталі тэхнічнага рэгулявання і выхад з сумеснымі праектамі на рынкі трэціх краін. У прыватнасці, гэта датычыцца беларускай машынабудаўнічай прадукцыі, дзе шмат расійскіх камплектуючых. Абмяркуюць прамысловую кааперацыю - гэта датычыцца стварэння беларуска-расійскага льнянога кластара. 

Сёння запланавана падпісанне пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навуковым і культурным супрацоўніцтве Беларусі з Саратаўскай і Смаленскай абласцямі Расіі і з Інгушэціяй.

Кожны год расце колькасць падпісаных на форуме кантрактаў. Для параўнання - на II Форуме рэгіёнаў у Сочы агульная сума кантрактаў склала 230 мільёнаў долараў, а на  V Форуме ў Магілёве яна была больш як у два разы вышэйшай - 540 мільёнаў. І, мяркуючы па колькасці ўдзельнікаў VI Форуму, сума можа вырасці яшчэ ў некалькі разоў.