Сёння ўваходзіць у сілу абноўлены закон "Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі"

3 августа 2018

Добрасумленная канкурэнцыя на рынку. На варце новых правіл гульні абноўлены закон "Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі". Сёння ён уваходзіць у сілу. Прапісаныя ў ім механізмы - гэта плюсы для вытворцаў як стымул павышаць якасць тавара і для спажыўцоў магчымасць выбару па прымальнай цане. Пра галоўныя навацыі дакумента - Святлана Лук’янюк.

Летась Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разгледзела больш за 100 зваротаў. Кожны пяты - аб парушэннях антыманапольнага заканадаўства. Прычым з іх працэнтаў 70 - гэта нядобрасумленная канкурэнцыя. Якраз ёй у законе адведзены цэлы раздзел. Вялікая ўвага тым, хто дамінуе на рынку. Каб гэтай сілай не карысталіся на шкоду іншым.

Манапольна высокая цана, як гаворыць дакумент, - гэта такая, якая з лішкам перавышае выдаткі на вытворчасць і вышэйшая, чым у краінах-суседзях. Прапісана і так званае монапсанічнае становішча, гэта калі пакупнік адзін, а прадаўцоў шмат. Тады ён ужо дыктуе, за колькі, скажам, купіць у іх сыравіну.

У законе забарона на капіяванне або імітацыю фірмовага стылю. Напрыклад, упакоўкі. Бо вытворца ўклаўся і ў распрацоўку, і ў раскрутку. А іншы проста на падобнасці хоча зарабіць. Да таго ж гэта падман пакупніка, які ўжо абвык да вызначанага дызайну. Бізнесменаў жа за парушэнні караць будуць не адразу. Спачатку могуць папярэдзіць - выступленне чыноўніка ў СМІ, пасля пісьмова.

У залежнасці ад парушэння прапішуць і тэрмін яго выпраўлення. Калі прадпрыемства не зладзіцца, аштрафуюць.

Справы аб парушэнні антыманапольнага заканадаўства, той жа цэнавай змовы, разглядаюцца да 3 месяцаў. Але калі патрэбна інфармацыя з суседніх краін, тэрміны будуць павялічаныя.