Сёння ў Сербіі - дзень вялікай эканомікі

13 июня 2014

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Бялград і сустрэчы з сербскім лідарам Томіславам Нікалічам стварылі добрую платформу для пашырэння беларуска-сербскага партнёрства. Як вынік - канкрэтныя дамоўленасці на 15 мільёнаў еўра. Гаворка ідзе аб сумесных вытворчасцях у галіне машынабудавання, нафтахіміі, харчовай і аграпрамысловасці. А ключавой сферай узаемадзеяння называюць сельскую гаспадарку. Вынікі афіцыйнага візіту Кіраўніка дзяржавы і перамовы дзелавых колаў у Сербіі - у рэпартажы Ілоны Красуцкай.


Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Сербію і сустрэчы з яе лідарам Томіславам Нікалічам стварылі добрую платформу для пашырэння беларуска-сербскага партнёрства. Напярэдадні на перамовах у Бялградзе закрытых тэм не было. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся: двухбаковае супрацоўніцтва неабходна зрабіць больш паўнаважкім і дзейсным. Асноўная мэта - дасягнуць тавараабароту ў паўмільярда долараў. А ў пацвярджэнне таго, што гэта не аддаленая перспектыва, палітыкі змацавалі подпісы пад канкрэтнымі дамоўленасцямі. Першае, гэта развіццё прамысловай кааперацыі. Сёння з канвеераў у Сербіі сходзяць беларускія трактары і аўтобусы. Мінскі аўтазавод мае намер ужо ў найбліжэйшы час пашырыць зборачную вытворчасць.


Ключавая сфера ўзаемадзеяння - сельская гаспадарка. Галоўны аграрны рэгіён Сербіі - Ваяводзіна. Прычым, на мясцовых палях беларускія трактары амаль у кожнай гаспадарцы.


У горадзе Нові Сад размешчаны самы буйны двухбаковы праект - тут збіраюць тэхніку МТЗ. Напярэдадні падпісаны кантракт і з бабруйскім заводам. Размова аб новай зборачнай вытворчасці. У лінейцы прадукцыі з'явяцца яшчэ дзве мадэлі трактароў малой магутнасці.


Па слядах прадукцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Томіслава Нікаліча ў актыўную працу ўключыўся і міністэрскі корпус. Сёння ў Бялградзе прадоўжылі гутаркі аб шматмільённых кантрактах. Уладзімір Макей сустрэўся са сваім сербскім калегам, а па сумяшчальніцтве і віцэ-прэм'ерам Івіцай Дачычам. Бакі абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковага ўзаемадзеяння. Лагічным працягам гутаркі аб эканоміцы сталі кантактна-кааперацыйная біржа і беларуска-сербскі бізнес-форум. Пра тое, што цікавасць да інвеставання ў Беларусь непадробленая, гавораць лічбы. Удзел у форуме прынялі больш за 150 сербскіх кампаній.


Міхайла Весавіч, віцэ-старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Сербіі: Паверце, цікавасць сербскага бізнесу да Беларусі вельмі вялікая. Уся справа ў прывабнасці дагавора аб вольным гандлі. Перспектыўныя сферы, безумоўна, машынабудаванне, нафтахімічная прамысловасць і АПК. Перакананы, пасля гэтай сустрэчы прысутнасць сербскіх кампаній у Беларусі стане проста відавочнай.


І сёння пасля некаторай паўзы аб сваім вяртанні на сербскі рынак заявіла прадпрыемства Мазырсоль. З гэтага часу ў магазінах Сербіі - неабходны прадукт, а вось у партфелі нашага прадпрыемства перспектыўны кантракт.


Нікала Бучэн, уладальнік кампаніі па перапрацоўцы ёдаванай солі: З 96 года мы займаемся імпартам кухоннай солі з Беларусі. Гэта цудоўна, што пасля двухгадовага перапынку зноў аднаўляем супрацоўніцтва. На працягу года ў Сербію адправяцца 3 тысячы тон мінералу.


Пахваліцца прадметнымі перамовамі сёння змаглі яшчэ два гіганты айчыннай прамысловасці. БелАЗ заключыў здзелку больш як на 10 мільёнаў еўра. Амаль палова сумы і на рахунку МТЗ. Разам у скарбонцы Беларусі кантракты на суму звыш 15 мільёнаў еўра.


Характарызуючы двухбаковыя адносіны Беларусі і Сербіі, эксперты гавораць пра ўзаемадапаўняльнасць. І падкрэсліваюць, наяўнасць гэтага факта - шмат у чым заслуга лідараў дзвюх дзяржаў. Беларусь праз Сербію можа выходзіць на ўвесь рынак Балканскага рэгіёна і краін Еўрасаюза. Дарэчы, сама Сербія на парозе новай інтэграцыі. І, нягледзячы на статус афіцыйнага кандыдата (далучэння да еўразоны) не супраць прасекчы акно ў яшчэ адзін саюз - Еўразійскі. Заканамерна, бо гэта выхад на 170-мільённы рынак. Вынікі беларуска-сербскага форуму і працы прадпрыемстваў падвядуць у Бялградзе ў канцы восені. Напярэдадні 20-годдзя дыпадносін паміж краінамі ў сталіцы Сербіі дамовіліся сустрэцца міністры эканомікі дзвюх краін.