Сёння ў Мінску ўзнагародзілі лепшых экспарцёраў мінулага года

5 мая 2016

Гэты дзень стаў асаблівым і для шматлікіх беларускіх прадпрыемстваў. Тыя, якія на справе даказваюць, што тавар пад брэндам "Зроблена ў Беларусі" - ведаюць і купляюць за межамі краіны. Сёння ў Мінску ўзнагародзілі лепшых экспарцёраў мінулага года. Больш як 120 прэтэндэнтаў, статуэтка толькі ў 20-ці. А тых, хто працуе на імідж краіны - тысячы. Яны навучыліся не толькі вырабляць канкурэнтаздольны тавар, але і выгадна яго прадаваць. Дзякуючы гэтым кампаніям беларускую прадукцыю ведаюць больш чым у 170 дзяржавах свету. Сярод іх як флагманы беларускай прамысловасці, так і невялікія прыватныя арганізацыі. Хто дабіўся лепшых паказчыкаў - ведае Вераніка Бута.

Лепшы экспарцёр года - гэта той конкурс, калі з упэўненасцю можна гаварыць аб непадкупнасці суддзяў. Тут лічбы гавораць самі за сябе. Колькі вырабілі, колькі з гэтага прадалі і колькі зарабілі. Гэтым кампаніям удаецца ўтрымліваць свае экспартныя пазіцыі, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці ва ўсім свеце. І ўсё за кошт якасці і цаны сваёй прадукцыі.

Пятая частка экспарту беларускай прадукцыі прыпадае сёння менавіта на лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу. А ў цэлым на імідж і дабрабыт краіны працуюць тысячы кампаній. Яны ствараюць канкурэнтаздольны прадукт, дзякуючы ім брэнд "Зроблена ў Беларусі" прадстаўлены ў 170 дзяржавах свету.

Сёння Беларусь ідзе па шляху пошуку новых рынкаў збыту сваёй прадукцыі, але не перарывае сувязі з праверанымі партнёрамі. Летась арганізацыі Міністэрства прамысловасці нарасцілі пастаўкі ў краіны Афрыкі ў 1,5 раза, Лацінскай Амерыкі - амаль у 2 разы.

Цяперашні конкурс - юбілейны. Статуэткі лепшым экспарцёрам уручаюць ужо 10 раз.

У намінацыі "Малочная прамысловасць" ніякіх сюрпрызаў. Брэнд "Бабушкина крынка" не сыходзіць з верхніх радкоў экспартнага рэйтынгу з 2007 года. Брэнд малочнага холдынга стаў самым дарагім у Беларусі. Іх прадукцыя любімая не толькі на радзіме, але і ў Расіі, Казахстане, Туркменістане і нават у Кітаі.

Беларускі авіяперавозчык удастоіўся прыза ў намінацыі "Транспарт і лагістыка". Штогод адкрываюцца прамыя рэйсы з Мінска па новых запатрабаваных кірунках. Сёння геаграфія экспарту ў авіякампаніі - 48 краін, замежныя палёты прынеслі перавозчыку амаль 225 мільёнаў долараў.

Сярод лепшых экспарцёраў - не толькі флагманы беларускай прамысловасці як БМЗ, БелАЗ або Беларуськалій. Знакам якасці адзначаныя сёння і меней буйныя прыватныя кампаніі. Усяго 20 намінацый - гэта 20 самых перадавых галін краіны. І ў кожнай ёсць безумоўны лідар. А званне "Лепшага экспарцёра" - гэта яшчэ адзін аргумент замежным партнёрам і спажыўцам, што кампаніі можна давяраць.