Сёння ў Мінску гаварылі і пра супрацоўніцтва Беларусі і Эквадора

13 сентября 2013
У сталіцы прайшла сустрэча бізнесменаў дзвюх краін. Перамовы на такім узроўні вядуцца ўпершыню.

Па якіх кірунках гатовыя развіваць дзелавыя сувязі Беларусь і Эквадор, даведалася Юлія Плытнік.

Прадстаўнікі Беларусі і Эквадора сабраліся сёння на бізнес-форуме, каб наладзіць супрацоўніцтва па такіх кірунках, як турызм, кветкаводства, рэалізацыя какава-прадуктаў і шакаладу.

Цеснае супрацоўніцтва кампаній дзвюх краін пачалося яшчэ ў 2011 годзе, калі беларуская дэлегацыя наведала Эквадор. Пачатак эканамічным адносінам быў пакладзены менавіта тады. Сёння 20 эквадорскіх кампаній гатовыя прадоўжыць узаемавыгадны дыялог.


Мануэль Эчэверыя, дырэктар эквадорскай кампаніі: Мы як прадстаўнікі Эквадора прыбылі сюды ў першую чаргу з мэтамі эканамічнымі. І для таго, каб прасунуць наш тавар на беларускім рынку. Тут прысутнічаюць прадстаўнікі шматлікіх эквадорскіх кампаній, якія зацікаўленыя ва ўсталяванні двухбаковых адносін у сферы камерцыі.


Наталля Нікандрава, намеснік дырэктара Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: Тая прадукцыя, якая прывозіцца ў Беларусь з Эквадора, яна па прычыне адсутнасці адпаведнага клімату ў Беларусі і па прычыне адсутнасці выхаду да мора не вырабляецца ў нас. Гэта кветкі, садавіна, морапрадукты розныя. Калі гаварыць пра тое, што мы можам прапанаваць Эквадору, тут у нас вельмі шырокія магчымасці.


У спісе нашых прапаноў - дрот з чорных металаў, гэта асноўная доля экспарту, геадэзічнае абсталяванне, вылічальная тэхніка і электраабсталяванне.


Сённяшні бізнес-форум - гэта першыя крокі ў супрацоўніцтве Беларусі і Эквадора. Аб падпісанні дагавораў пакуль гаварыць рана. Краіны толькі пазнаюць адна адну.