У Беларусі ўводзяцца безадзыўныя ўклады

12 ноября 2015

Гэта прадугледжана дэкрэтам Прэзідэнта нумар 7. З 1 красавіка, калі грошы праляжалі на рублёвым дэпазіце менш чым год або на валютным менш чым два, давядзецца выплаціць падатак 13% з атрыманых працэнтаў. Гэта сёння заявілі на брыфінгу ў Нацбанку. Мэтай новага дэкрэта назвалі стымуляванне так званых доўгіх грошай і скарачэнне колькасці гарачых укладаў. Паводле ацэнкі Нацбанка, узровень ставак па безадзыўных дэпазітах будзе прыкладна да 30 працэнтаў.

Тарас Надольны, першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі: "Для насельніцтва будзе прапанаваны механізм, пры якім насельніцтва можа атрымліваць больш высокі даход у параўнанні, напрыклад, з укладамі, якія адзыўныя. Хаця нормамі дэкрэта прадугледжана ў асобных выпадках згода ўкладаатрымальніка, г. зн. банка, на датэрміновае скасаванне нават безадзыўных укладаў".

Умовы па ўжо дзеючых дэпазітах мяняцца не будуць да заканчэння тэрміна дзеяння дагавора, аднак працэнты па іх могуць знізіцца.