Сёння пачаўся афіцыйны візіт у Беларусь прэзідэнта Узбекістана

31 июля 2019

Першы ў гісторыі дыпадносін нашых краін. Самалёт Шаўката Мірзіёева прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце Мінск  прыкладна ў 17 гадзін. Праграма візіту  больш чым шырокая. Сёння лідар сярэднеазіяцкай рэспублікі ўсклаў кветкі да манумента Перамогі, а ўжо заўтра  ў Палацы Незалежнасці правядзе афіцыйныя перамовы з Прэзідэнтам Беларусі. Плануецца, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць шырокі спектр пытанняў, сярод якіх прыярытэтны - развіццё эканамічнага ўзаемадзеяння. Не абыдуць бокам і палітычны парадак дня ў свеце. У цэлым Мінск і Ташкент працягваюць пісаць зусім новую гісторыю адносін. А вось дзе расстаўляем акцэнты? Раскажа Аляксей Волкаў.

За апошнія гады Мінск і Ташкент прыкметна палепшылі палітычны і эканамічны клімат у адносінах. І за гэтым з асаблівай цікавасцю сочыць і Ікром Тахтасунаў. Дырэктар сеткі магазінаў беларускай бытавой тэхнікі ў сталіцы Узбекістана ўжо асвоіў і пастаўку шпалер з чырвона-зялёнай наклейкай. Попыт высокі і на халадзільнікі - за сезон прадалі 20 тысяч адзінак. 

Радзіма Тамерлана, нефрытавая рэспубліка Узбекістан займае чацвёртае месца ў свеце па запасах золата і з'яўляецца гандлёвымі варотамі сярэднеазіяцкага рэгіёна. А з прыходам у прэзідэнцкае крэсла Шаўката Мірзіёева ажывілася і эканоміка. Інвестыцыйны патэнцыял баваўнянага края амерыканскія эксперты ацанілі ў 65 мільярдаў долараў - сума на 10 гадоў. Ёсць што пакласці і ў агульны актыў з Беларуссю.

Леанід Марыніч,  Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Узбекістане: "Асноўныя сферы супрацоўніцтва вызначаны дарожнай картай. У гэтай дарожнай карце ўсяго 155 мерапрыемстваў, з якіх на сённяшні дзень ужо 48 выканана. З агульнай колькасці гэтых мерапрыемстваў - 35 па стварэнні сумесных прадпрыемстваў.  Гэта прамысловыя комплексы ў галіне сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі і прамысловасці".

Па-новаму адна на адну зірнулі краіны пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ташкент у верасні мінулага года.

Па-партнёрску дзелавыя і па-сяброўску цёплыя зносіны двух лідараў адразу ж далі свой эканамічны эфект - у тыя ж дні ў Ташкенце падпісалі кантрактаў на дзвесце мільёнаў долараў. 

Беларускія тэхніка і тэхналогіі разам з узбекскай сыравіннай базай, а ў нетрах зямлі ў азіяцкай рэспублікі рэсурсаў на 11 трыльёнаў долараў, ствараюць плацдарм для доўгіх і моцных кааперацый. Таму і візіт Шаўката Мірзіёева ў Мінск - не пра "пагаварыць", а пра "дамовіцца". 

У Беларусі і Узбекістана, нягледзячы на доўгую паўзу ў адносінах, ёсць і агульная гісторыя. Часткі некалі адной краіны перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне здабывалі разам. Таму першы пункт візіту Мірзіёева - манумент Перамогі.

Беларусь і Узбекістан робяць стаўку на развіццё і рэгіянальнага супрацоўніцтва і адукацыйных праграм. Сумесныя семінары і стажыроўкі навукоўцаў. Гэта ўсе планы, падпісаныя паміж ВНУ Магілёва і горада Андыжан. Таксама плануецца адкрыццё гандлёвага дома ў тым жа Магілёве. Пабывалі прадстаўнікі дэлегацыі і ў Александрыі - на радзіме Прэзідэнта. Паспыталі вады з Трафімавай крыніцы і наведалі школу-музей, дзе вучыўся Аляксандр Лукашэнка.

І ўсё ж эканоміка - аснова ўсяго. Беларусь працягвае выкарыстоўваць ужо прайшоўшы праверку фармат форуму рэгіёнаў - з Узбекістанам мы ўпершыню выкарыстоўваем такую пляцоўку. Як вынік - 26 новых дамоўленасцяў. Эксперты ўпэўненыя: ужо да канца гэтага года тавараабарот можа скласці амаль паўмільярда долараў - рост у некалькі разоў.